IMG_7967 (Small)

Дзеля зручнасці і камфорту

Актуальное

IMG_7967 (Small)Вадзіцель, які праводзіць шмат часу ў дарозе, ведае, як важна не толькі заправіць транспарт, але камфортна адпачыць і не хвалявацца за транспартны сродак і асабістую бяспеку, падсілкавацца смачным абедам ці вячэрай або проста выпіць кубачак гарачага чаю, кавы. У летнюю спякоту такая неабходнасць узнікае яшчэ больш, нягледзячы на тое, што сучасныя аўтамабілі абсталяваны кандыцыянерам.
На тэрыторыі нашага раёна такіх аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу ўсяго тры: г.п. Відзы, кафэ «Кавярня» і бар «Славія». Апошні знаходзіцца недалёка ад Браслава на даволі ажыўленай трасе. Менавіта сюды я і завітала, каб даведацца, як могуць адпачыць стомленыя вадзіцелі.
Суседства бара з аўтазаправачнай станцыяй, безумоўна, ідзе на карыць установе: на стаянцы заўсёды многа машын, у прыватнасці, і велікагрузных аўтамабіляў. Нягледзячы на шматлікае перамяшчэнне транспарту, тэрыторыя вакол аб’екта чыстая і дагледжаная, газоны падкошаны, няма смецця.
Светлая прасторная зала бара, камфортная мэбля, прыгожыя карціны на сценах, вялікі плазмены тэлевізар супакойваюць і схіляюць да прыемнага адпачынку.
— На сённяшні дзень бар абслугоўваюць дзевяць чалавек, — расказвае начальнік АЗС Генрых Жук. — На змене знаходзяцца па тры чалавекі. Дружны і зладжаны калектыў, кваліфікаваныя работнікі, таму скаргаў у іх адрас ад кліентаў не паступала.
Добразычлівы, ветлівы бармен прапануе наведвальнікам гарачую каву, гарбату, газіраваныя і моцныя напіткі, піва, марожанае і розныя прысмакі.
Каб дарога не здавалася сумнай, тут можна набыць музычныя дыскі на розны густ, нават для цяжарных жанчын, а яшчэ невялікія сувеніры з беларускай сімволікай.
Акрамя гэтага, у бары па-сучаснаму абсталявана кухня, дзе завіхаюцца над смачнымі стравамі прафесійныя повары.
Разнастайнае меню, фірменныя і традыцыйныя халодныя і гарачыя закускі з птушкі, свініны, ялавічыны, дэсерты, добрае абслугоўванне — ўсё гэта стварае выдатны настрой і прываблівае не толькі падарожнікаў. Сюды прыязджаюць і браслаўчане, каб адзначыць свой юбілей, свята або проста паабедаць. Аднак хочацца заўважыць, што поўнасцю абедзенную залу заняць нельга. Гэта абмежаванне прадугледжана для зручнасці праязджаючых, каб ім не трэба было шукаць іншае месца для адпачынку.
А яшчэ для вадзіцеляў велікагрузных аўтамабіляў, якія заліваюць у бакі сваіх машын не менш за 400 л паліва, у бары дзейнічае акцыя «Абед за 100 руб». Паўнацэнны абед за такі кошт можна забраць і сабой у пластыкавых кантэйнерах.
Пра якасць абслугоўвання ў бары «Славія» і свае ўражанні наконт страў са мной падзяліліся дальнабойшчыкі Уладзімір і Сяргей:
— Нам вельмі падабаецца гэты бар. Утульнае памяшканне, прыветлівы персанал, вялікі выбар страў, усе яны смачна прыгатаваны, да таго ж даволі прымальныя цэны і прыемныя акцыі.
Па словах Генрыха Жука, у хуткім часе плануецца рэканструкцыя аб’екта, пасля якой з’явяцца душавыя кабінкі, плануецца ўстанавіць тэнісныя або більярдныя сталы. Безумоўна, пасля гэтага аб’ект будзе адпавядаць высокаму ўзроўню прыдарожнага сэрвісу.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_7965 (Small) IMG_7969 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.