Дружная сям’я зноў разам

Власть и общество

1Магчымасць адчуць усю рамантыку паходнага жыцця ў чарговы раз з’явілася ў навучэнцаў раёна. На мінулым тыдні стартавала круглагадовая турыяда школьнікаў, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі ад фашыстка-нямецкіх захопнікаў.
Урачыстае яе адкрыццё адбылося каля гімназіі, дзе сабраліся як вопытныя каманды, так і навічкі ў турыстычнай справе.
У сваім прывітальным слове начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч адзначыў, што першы этап турыстычнага сезона навучэнцаў раёна прыўрочаны міжнароднаму Дню турызму і памяці былога дырэктара гімназіі Наталлі Андрук. Ён нагадаў, што Наталля Віктараўна была пачынальнікам турыстычнага руху сярод школьнікаў, і, дзякуючы яе нястомнаму энтузіязму, для многіх дзяўчат і хлопчыкаў турыстычная школа выжывання стала трывалым падмуркам ў жыцці.
Пасля ўрачыстай лінейкі група школьнікаў на дзіцячай пляцоўцы каля стадыёна пасадзіла алею Міра, якая кожны год будзе папаўняцца новымі саджанцамі.
Круглагадовая турыяда школьнікаў ўключае ў сябе шэраг турыстычных мерапрыемстваў. Яны ў першую чаргу накіраваны на прапаганду здаровага ладу жыцця, знаёмства з цікавымі і прыгожымі мясцінамі свайго краю.
І вось пасля апошніх настаўленняў арганізатара, галоўнага суддзі і апантанага турыста Вячаслава Крапа каманды рушылі наперад. У кожнай быў свой маршрут, свае сродкі перамяшчэння, але ўсе ўдзельнікі сустрэліся на прыгожай стаянцы каля Іказні.
Спаборніцтвы праходзілі ў некалькі этапаў. Па дарозе турысты наведалі краязнаўчы музей Іказненскай школы, дзе мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй гэтых мясцін. На турыстычнай стаянцы пасля ўладкавання свайго быту яны дэманстравалі ўменні і навыкі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і дамбайскім футболе. Ні адзін удзельнік не застаўся без справы, кожны адчуваў сваю значнасць і патрэбнасць у змаганні за перамогу каманды. Безумоўна, юным турыстам дапамагалі вопытныя кіраўнікі.
Пераможцамі турыяды сталі навічкі — каманда Відзаўскай школы пад кіраўніцтвам Віктара Шульі, другое месца заняла зборная каманда з Кансталінскай і Слабодкаўскай школ «Жгут» (кіраўнікі Віктар Бунта і Ўладзіслаў Кароль), на трэцім — каманда Опсаўскай школы пад кіраўніцтвам Аляксандра Дунца.
Насычана, цікава і весела праляцелі два дні для школьнікаў. Усе вярнуліся задаволеныя, з прыемнымі ўражаннямі і вялікім жаданнем зноў сабрацца дружнай турыстычнай сям’ёй каля ўтульнага вогнішча, дзе для кожнага ёсць магчымасць прадэманстраваць свае творчыя і спартыўныя здольнасці.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *