Арляняты партызанскіх лясоў

Актуальное

IMG_6441 (Small)Зусім не дзіцячая справа плячо ў плячо разам з салдатамі ісці ў самае пекла вайны. Аднак смяротная небяспека ўраўнавала ў правах дзяцей і дарослых. Толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны больш за 35 тыс. дзяўчат і хлапчукоў былі ўзнагароджаны баявымі ардэнамі і медалямі. Гэта на іх плечы, часам зусім юныя, лёг цяжар нялёгкіх партызанскіх будняў ва ўмовах паходнага ляснога жыцця, частых абстрэлаў, карных аперацый. Спаўна ваеннае ліхалецце прыйшлося перанесці і Раісе Шыкалавай.
Да былой партызанкі я завітала з нагоды яе дня нараджэння. Рухавая Раіса Аляксееўна, нягледзячы на свой паважны ўзрост, ветліва сустрэла мяне на сваім ганку і запрасіла ў хату.
— Калі пачалася вайна, — пачала свой сумны ўспамін Раіса Аляксееўна, — мне ішоў трынаццаты год. Да вайны наша сям’я жыла на хутары непадалёку ад в. Далёкія. А ўжо восенню 1941 года мой бацька наладзіў сувязь з антыфашысцкім рухам у Браславе пад кіраўніцтвам А. Васілеўскага, і наш дом стаў явачнай кватэрай.
Так у падпольную барацьбу супраць акупантаў уключылася ўся сям’я Мацук. Калі бацька Аляксей Кузьміч ездзіў у Браслаў «па справе», для адводу вачэй браў з сабой і Раю. Безумоўна, дзяўчынцы было вельмі страшна сядзець на падводзе і чакаць, прыйдзе бацька ці не. Але на вайне сталеюць хутка, і Рая добра разумела важнасць гэтай справы.
Першым з сям’і ў лес да народных мсціўцаў падаўся старэйшы сын Сяргей. Мужны, сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы камсамолец С. Мацук адважна змагаўся супраць фашысткай навалы. За год баявых дзеянняў малады партызан разам з баявымі таварышамі знішчыў 12 варожых эшалонаў. Але, вяртаючыся з чарговага задання, група трапіла ў засаду, і нямецкая куля абарвала жыццё бясстрашнага абаронцы.
— З першых дзён акупацыі, — працягвае ўспаміны Р. Шыкалава, — сям’я была на падазрэнні ў немцаў. І пагроза расстрэлу існавала пастаянна. Таму нам часта прыходзілася начаваць у хляве, лазні або проста ў хмызняку.
Слухаючы расказ Раісы Аляксееўны, я думала, наколькі нам, тым, хто нарадзіўся і вырас пад мірным небам, цяжка ў поўнай меры зразумець і ўявіць тыя фізічныя і душэўныя пакуты, якія штохвілінна даводзілася перажываць людзям на акупіраванай немцамі тэрыторыі. Жах за жыццё сваіх блізкіх і родных жалезнымі абцугамі скоўваў сэрцы, але нянавісць да акупантаў усё ж перасільвала.
У чэрвені 1943 года ад надзейнага чалавека Аляксею Кузьмічу перадалі, што сям’ю збіраюцца арыштаваць, таму, не марудзячы ні хвіліны, трэба было падавацца ў лес.
Зборы былі нядоўгімі, з сабою ўзялі толькі самае неабходнае. Са слязьмі на вачах маці адчыняла дзверы хлява, каб свойская жывёла магла выйсці на вуліцу. Толькі кошка мяўкала і кідалася ўсім пад ногі, быццам развітваючыся назаўсёды. ( Праз некалькі гадоў Раіса Аляксееўна даведалася ад суседзяў, што ў першую чаргу менавіта гэтую кошку застрэліў нямецкі афіцэр, калі фрыцы прыехалі распраўляцца з падпольшчыкамі ).
Так сям’я Мацук увайшла ў склад партызанскай брыгады «За Радзіму». Цяжкі партызанскі хлеб дарма ніхто не еў, справа знайшлася для ўсіх. Маці яго пякла, а Раіса даглядала параненых у лясным шпіталі.
Ад цяжкіх успамінаў у маёй субяседніцы вільгатнеюць вочы. Боль страты блізкіх і знаёмых, загубленага вайной маленства цяжкім камянём ляжыць на сэрцы і пячэ ў горле, а твары загінуўшых лёгкай дымкай праплываюць перад вачамі.
Больш за ўсіх запомніўся Раісе Аляксееўне паранены Мікалай Кандрашоў, у якога была перабіта артэрыя на кісці. Абязбольвальных не было, і партызан вельмі пакутаваў. Першую карную экспедыцыю супраць партызан прыйшлося перажыць восенню 1943 года ў Казянскіх лясах. Некалькі дзён партызанскія стаянкі абстрэльвалі, закідвалі бомбамі. Параненых было вельмі многа, таму пра адпачынак не было і размовы. Юная санітарка, пераадольваючы сон і стомленасць, з апошніх сіл перавязвала, лячыла і даглядала іх.
А потым быў доўгі і цяжкі пераход у Налібоцкую пушчу. Невялікімі групамі партызаны рухаліся толькі ноччу, іх шлях ляжаў праз лясы і балоты. Паўгалодныя ў холад і слоту рухаліся з вялікай насцярожанасцю па незнаёмых мясцінах.
Безумоўна, гэтыя «вандроўкі» пад пагрозай смерці напомнілі пра сябе ў мірныя часы, і Раісе Аляксееўне прыйшлося перанесці дзве складаныя аперацыі.
У Налібоцкай пушчы ў 1944 годзе юная партызанка перажыла яшчэ адну карную экспедыцыю. Супраць народных мсціўцаў была кінута вялікая сіла з танкамі і самалётамі.
Пасля вызвалення Беларусі сям’ю Мацук чакаў доўгі і складаны шлях дадому. Родная хата была спалены немцамі, таму партызанскую сям’ю пасялілі ў в. Опса.
Паціху пачало наладжвацца пасляваеннае жыццё. Раіса Аляксееўна закончыла медыцынскія курсы і прадоўжыла лячыць хворых, толькі ўжо ў сельскай бальніцы і пад мірным небам.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *