Аб’ядноўвае творчасць

Актуальное

IMG_6804 (Medium)Яшчэ некалькі гадоў таму назад узнікла ідэя стварэння тэатралізаванай пастаноўкі, якая б датычылася гісторыі Браслаўшчыны і стала б яе своеасаблівым брэндам. Па розных прычынах яе ўвасабленне рэгулярна адкладвалася. Аднак зусім нядаўна вядомая ўсім “Легенда пра Браслаў” ажыла. Яе прэм’ера адбылася на пачатку кастрычніка, і першымі гледачамі сталі ўдзельнікі 30-га пасяджэння Савета Еўрарэгіёну “Азёрны край”.
Паданне набывала рэальнае ўвасабленне пад пільным наглядам рэжысёра народнага тэатра Браслаўскага РДК Яўгена Набеева. Менавіта ён займаўся пастаноўкай і рэжысурай праекта, гатаваў і запісваў тэкст, асабіста граў адну з роляў. Трэба сказаць, што агульныя рысы пастаноўка пачала набываць задоўга да прэм’еры: змест, музычнае афармленне, рэквізіт былі падабраны і чакалі свайго часу. Рэгулярна праходзілі рэпетыцыі. Шмат часу заняла пастаноўка танцаў, за якую адказвала харэограф РДК Кацярына Бабчонак. Затрымка была толькі за касцюмамі, якія павінны былі дакладна адпавядаць стылю канца ранняга Сярэднявечча. Цяжкасці заключаліся не толькі ў значнай суме, неабходнай для іх набыцця, але і ў пошуку вытворцы. Дарэчы, да пытання ў РДК падышлі грунтоўна: звярнуліся па кансультацыі ў музей, каб знешні выгляд персанажаў пастаноўкі цалкам адпавядаў духу эпохі. У выніку цяжкіх і працяглых пошукаў была знойдзена сталічная фірма, якая спецыялізуецца на вырабе менавіта тэатральнага рэквізіту. Яе спецыялісты распрацавалі дызайн і пасля яго ўзгаднення вырабілі 9 касцюмаў. Грошы на іх выдаткаваў раённы бюджэт.
Што датычыцца акцёраў, задзейнічаных у праекце, то імі з’яўляюцца ўдзельнікі народнага тэатра раённага Дома культуры. Сярод іх не толькі творчыя работнікі ўстановы, але і прадстаўнікі зусім іншых прафесій. Ролі ў пастаноўцы выконваюць Улад Мацеша, Яўген Набееў, Канстанцін Каралевіч, Ганна Лявіцкая, Кацярына Бабчонак, Марына Карач, Таццяна Кука, Яўген Пятровіч і Дзмітрый Максімаў. Гэтыя, здавалася б, розныя людзі аб’ядналіся пад крылом творчасці і стварылі якасны і адносна новы для нас культурны прадукт.
Па словах дырэктара раённага Дома культуры Таццяны Кука, праект мае добрыя шансы стаць пастаянным удзельнікам рознага кшталту свят, відовішчных мерапрыемстваў, карпаратываў. Аднак дзеля захавання сімвалічнасці паказваць яго трэба толькі на Замкавай гары. Да таго ж у бліжэйшых планах набыццё ўпрыгожванняў у стылі той эпохі, каб карцінка была яшчэ лепш.
Будзем спадзявацца, што гады падрыхтоўкі і значныя сродкі, затрачаныя на праект, не прападуць і пастаноўка стане сапраўднай візітнай карткай раёна.

Вячаслаў Каладынскі.IMG_6801 (Medium)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *