Жыццё, аддадзенае кнігам

Люди

IMG_6570 (Small)Сярод шматлікіх культурна-асветніцкіх устаноў бібліятэкі заўсёды выконвалі і выконваюць галоўную ролю. Яны не проста ўстановы, у якіх ёсць кнігі, часопісы, газеты. Гэта сапраўдныя храмы ведаў, ці, як яшчэ іх называюць, аптэкі душы. А асноўным і бясцэнным скарбам бібліятэк Браслаўшчыны з’яўляюцца іх супрацоўнікі – ініцыятыўныя, творчыя, таленавітыя людзі, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Дзве такія жанчыны працуюць і ў Ахрэмаўскай бібліятэцы.
Як толькі пераступаеш парог гэтай установы, трапляеш ва ўтульныя пакоі, сцены якіх упрыгожваюць вышываныя карціны, а сталы букеты кветак, і імгненна акунаешся ў свет кніг і ведаў, з густам аформленых выстаў. Такая ўтульнасць – справа рук бібліятэкараў Луцыі Кажурны і Зоі Новік.
Іх лёсы розныя, але яднае любоў да кніг і бібліятэчнай справы, якой прысвяцілі жыццё. Абедзве жанчыны нарадзіліся на Браслаўшчыне. Луцыя Іосіфаўна скончыўшы Рыжскі тэхнікум лёгкай прамысловасці, вярнулася працаваць па спецыяльнасці на радзіму. Але ў 1984 годзе ёй прапанавалі пайсці бібліятэкарам у Ахрэмаўцы. Любоў да кніг была з дзяцінства, таму жанчына адразу з запалам узялася за справу. А праз два гады ёй прыслалі напарніцу З.Новік – Зоя Арсаноф’еўна на той час якраз атрымала спецыяльнасць бібліятэкар.
Шмат гадоў яны прысвяцілі любімай справе. Жанчыны прызнаюцца, што трапілі ў сваю стыхію і літаральна жывуць бібліятэкай і яе справамі. І ў гэтым ні на хвіліну не сумняваешся, дастаткова толькі паслухаць, з якім запалам жанчыны расказваюць пра сваю справу.
У зоне абслугоўвання Ахрэмаўскіх бібліятэкараў 13 населеных пунктаў і 1600 чалавек. Больш за 900 з іх пастаянна карыстаюцца паслугамі ўстановы. Бібліятэкары гатовы ім прапанаваць каля 8200 кніг, 10 найменняў газет і 16 часопісаў.
– Многія скардзяцца, што людзі не ідуць да іх у бібліятэкі, – гаворыць Луцыя Кажурна. – У нас такой праблемы не існуе. Чытачоў заўсёды многа, і яны будуць прыходзіць, трэба толькі пастарацца. Калі проста сунуць яму ў рукі кніжку, у наступны раз ён не прыйдзе.
Каб чытачам цікава было заходзіць у бібліятэку, тут пастаянна афармляюць выставы, прысвечаныя падзеям і датам, вывучаюць у насельніцтва попыт на тую ці іншую літаратуру, а потым заказваюць новыя выданні. Гутаркі, віктарыны, дыялогі з выкарыстаннем электронных прэзентацый ладзяцца як для дарослых, так і для дзяцей. Для малых чытачоў часта праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій. Для іх маляўніча аформілі кніжны фонд. Шмат праводзяць з дзецьмі самых розных мерапрыемстваў: конкурсаў, падарожжаў, этнаграфічна-гістарычных гадзін.
Вялікім попытам у дарослых карыстаецца створаны пры бібліятэцы цэнтр прававой інфармацыі.
Без справы жанчыны сядзець не любяць. Заўважыўшы, што сярод чытачоў шмат жанчын пенсіённага ўзросту, сталі думаць, як заняць іх вольны час. Так у 2009 годзе пры бібліятэцы ўзнік клуб “Бяседа”. Раз у месяц яны па-сяброўску сустракаюцца за кубачкам чаю, ладзяць літаратурныя гасцёўні, дзеляцца ўражаннямі ад прачытанага, сустракаюцца з цікавымі асобамі, ездзяць на экскурсіі. Памятаюць бібліятэкары і пра тых вяскоўцаў, якім па стане здароўя цяжка наведаць іх установу. Ім яны носяць кнігі дамоў.
Творчыя і ініцыятыўныя, Луцыя Іосіфаўна і Зоя Арсаноф’еўна з першых дзён працы з асаблівай цеплынёй і шчырасцю ставяцца да сваіх чытачоў, з усіх сіл імкнуцца перадаць ім любоў да друкаванага слова. Гэта прыцягвае людзей, таму ў іх установе заўсёды шматлюдна і весела.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *