IMG_5893 (Small)

Юнацтва, апаленае вайной

Актуальное

IMG_5893 (Small)Кожны год усё далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, і сведкаў тых жудасных падзей становіцца менш і менш. І нам, пакаленню, якое нарадзілася і вырасла ў мірны час, трэба паспець запісаць іх успаміны.
На днях давялося пабыць у Друі, дзе жыве ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Лідзія Ягораўна Ліннік. На парозе жанчына ветліва сустрэла гасцей і прапанавала прайсці ў пакой. Расказаць пра апаленае вайной юнацтва згадзілася адразу, праўда, папярэдзіла, што, магчыма, не ўсё памятае пра тыя часы да дробязей.
… Вайна застала дзяўчыну ў Мінску. Пасля заканчэння школы яна адправілася туды на 12-месячныя курсы па падрыхтоўцы педагогаў рускай мовы. Акурат збіралася атрымаць дакумент аб іх заканчэнні і не паспела. Мірнае жыццё абарваў напад гітлераўскай Германіі.
— Памятаю, як пачалі бамбіць сталіцу. Вельмі страшна было, асабліва ноччу. Мы з сяброўкамі аднойчы сабраліся і ўцяклі з горада ў лес, дзе было шмат такіх жа, як і мы. Ад людзей пачулі, што непадалёк на чыгуначнай станцыі стаіць састаў, які эвакуіруе ў больш спакойныя месцы. Знайшлі яго і разам з іншымі паехалі, а куды – і самі не ведалі, — успамінае жанчына.
Як потым высветлілася, прывезлі іх аж у Саратаўскую вобласць. Там дзяўчаты ў адным з садаводчых саўгасаў працавалі ў полі, збіралі кавуны, дыні. Пасля заканчэння сезона ўладкаваліся на нарыхтоўчы пункт. Сувязі з роднымі ніякай не мела.
Толькі праз год удалося звязацца са сваякамі з Ленінграда. Дзядзька, які быў ваенным, вывез сваю сям’ю і Лідзію ў вайсковую часць, дзе яна ў якасці вольнанаёмнай працавала ў аддзеле рэчавага забеспячэння ў батальёне аэрадромнага абслугоўвання.
У ваенных дзеяннях сама Лідзія Ягораўна не ўдзельнічала, але прайшла разам з тымі, хто абараняў Радзіму, з 1941 па 1944 гг. — да самага вызвалення Беларусі.
Пра цяжкасці, страхі, якія падсцерагалі ў часы ваеннага ліхалецця на кожным кроку, успамінаць не любіць, бо кожны зварот да перажытага глыбокім болем адгукаецца ў сэрцы жанчыны.
Расказ пра вайну закончыла тым, як вярнулася пасля вызвалення Беларусі дамоў, без дакументаў (іх укралі па дарозе) на папялішча роднай бацькоўскай хаты. Бацькі жылі ў калгаснай лазні, дзе з радасцю прынялі і Лідзію, пра лёс якой столькі гадоў нічога не ведалі.
Трэба было прызвычайвацца да мірнага жыцця. Дзяўчына ўладкавалася на працу, напачатку бухгалтарам у сельпо. Аднойчы тут сустрэла і сваё каханне. Малады абаяльны Антон прывёз здаваць лішкі сельгаспрадукцыі, а да Лідзіі прыйшоў за разлікам. Хлопец і дзяўчына пакахалі адзін аднаго, згулялі вяселле.
З таго часу мінула амаль 65 гадоў. Менавіта ў наступным годзе Лідзія Ягораўна і Антон Аляксандравіч будуць адзначаць жалезны юбілей сямейнага жыцця. І ўвогуле 2014 год будзе для Ліннікаў вельмі насычаны на юбілейныя падзеі. Лідзіі Ягораўне споўніцца 90 гадоў, у нашай краіне будзе адзначацца 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, да якога яна, як удзельнік вайны, мае самае непасрэднае дачыненне.
— Толькі б сіл ды здароўя хапіла дажыць да гэтых юбілеяў, — гавораць муж і жонка. – Чацвёра дзяцей выгадавалі, маем пяцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў, усё жыццё шчыра працавалі ў тагачасным прафтэхвучылішчы, а здаецца, што і не жылі. Так хутка праляцелі гады.
Трэба абавязкова верыць у тое, што дажывуць Ліннікі да ўсіх юбілейных дат і яшчэ не раз парадуюць сваіх родных і блізкіх за святочным сталом.

Зінаіда Палулех.
На здымку: Лідзія Ягораўна і Антон Аляксандравіч Ліннікі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.