Свята без абыякавых

Актуальное

IMG_6522 (Small)Менавіта так хочацца назваць Дзень ведаў, які наша краіна адзначыла ў суботу. Калі не ўдавацца ў падрабязнасці, то першага верасня сёлета прыпала на… трыццаць першае жніўня – гульня дзён і лічбаў адняла ў школьнікаў апошні летні дзянёк… Але вернемся да абыякавасці. Здаецца мне, фармуліроўка, вынесеная ў загаловак, мае права на жыццё. Мяркуйце самі, для тых, хто зараз з’яўляецца вучнем, студэнтам ці выхаванцам, пачатак навучальнага года, безумоўна, выклікае пэўныя эмоцыі. Тое ж датычыцца і супрацоўнікаў устаноў адукацыі. А што ж астатнія? Ды ўсе мы таксама некалі неслі букеты сваім настаўнікам у першы восеньскі дзень. І нешта падказвае, што гады, якія аддзяляюць даўно дарослых людзей ад бесклапотных школьных часоў не перашкода, каб лішні раз не ўзгадаць сваіх педагогаў і аднакласнікаў.
На Браслаўшчыне сёлета свае дзверы адчынілі 24 агульнаадукацыйныя ўстановы. Упершыню селі за парты 245 першакласнікаў. І шасцёра з іх сталі вучнямі Быстрамаўскай дзіцячы сад – базавай школы. Лінейка, прысвечаная святу першага званка, праходзіла там у нейкай асаблівай, хатняй абстаноўцы. Усяго 40 вучняў, хоць і тыпавы, але невялічкі будынак. Здавалася, усе прысутныя добра ведаюць адзін аднаго. Нават тыя, хто завітаў на свята ў якасці госця, адчувалі сябе камфортна і ўтульна, нібы даўно з’яўляліся часткай вялікай і дружнай сям’і.
Што датычыцца самога мерапрыемства, то яно таксама адпавядала агульнай атмасферы. Ніякага пафасу і паказухі, усё неяк сціпла, па-сапраўднаму. Маленькая школа, невялічкія класы, бачнае хваляванне, народжанае прысутнасцю гасцей з райцэнтра, сцяг, гімн, “Урачыстая лінейка аб’яўляецца адкрытай!”.
Дырэктар установы Ніна Лук’янчык у сваім прывітальным слове павіншавала прысутных з пачаткам новага навучальнага года, зачытала загад аб залічэнні ў першы клас шасці клопчыкаў і дзяўчынак і ўручыла ім традыцыйныя ў такіх выпадках падарункі ад Прэзідэнта краіны – кнігі “Беларусь – мая Радзіма.” Новаспечаныя першакласнікі ў сваю чаргу парадавалі неблагім веданнем літар, лічбаў і вершаў, з хваляваннем прынеслі своеасаблівую клятву. Павядзе малых па шляху ведаў іх першая настаўніца Валянціна Шнітко.
На ўрачыстасць да сельскіх школьнікаў завітаў і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён зазначыў, што раённыя ўлады ўсімі сіламі змагаюцца за кожную ўстанову адукацыі, бо школа – гэта мясцовы асветніцкі і культурны цэнтр, сэрца вёскі. “І пакуль яна існуе, ёсць жыццё на сяле,” – сказаў С. Шматаў. Адрасаваўшы навучэнцам, педагогам і бацькам свае віншаванні, кіраўнік раёна падарыў школе новую вучэбную дошку.
У пацверджанне слоў старшыні райвыканкама начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму дадаў, што сёлета ў раёне не зачынена ніводная агульнаадукацыйная установа. У той жа час 3 – рэарганізаваны. Іван Абаровіч шчыра падзякаваў педкалектыву і тэхперсаналу школы за падрыхтоўку яе да новага навучальнага года. Пажадаў першакласнікам і надалей ісці па жыцці з агенчыкам у вачах, выпускнікам – знайсці свой шлях, і ўсім без выключэння – поспехаў.
Слова бацькоў, віншаванні ад прадстаўніка шэфскай арганізацыі – ААТ “Альшанка”, аднакласнікаў і калег – усё было сказана і, хочацца спадзявацца, пачута.
Завяршыў урачыстую лінейку імправізаваны першы званок, які азнаменаваў хуткі надыход цікавых, часам цяжкіх, але такіх неабходных будняў.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *