Сістэма адукацыі працуе і развіваецца стабільна

Власть и общество

IMG_6633 (Small)Чарговая 30-ая сесія раённага Савета дэпутатаў, на якой абмяркоўваўся ход выканання Праграмы сістэмы адукацыі раёна на 2011 – 2015 гг., была выязной і праходзіла ў новай крэатыўнай форме. Дэпутаты райсавета напачатку наведалі шэраг аб’ектаў адукацыі, сярод якіх Браслаўская дзіцячы сад – пачатковая школа, цэнтр дзяцей і моладзі, яслі – сад №3 г. Браслава, сярэдняя школа №1 імя А. Жданава. У кожнай установе прэзентавалі нешта сваё, адметнае.
Госці па годнасці ацанілі старанне педагагічнага калектыву па добраўпарадкаванні тэрыторыі, абсталяванні вучэбных кабінетаў у дзіцячым садзе – пачатковай школе.
У двары цэнтра дзяцей і моладзі дэпутатаў сустракаў духавы аркестр, які працуе пры Ахрэмаўскай СШ, а затым была магчымасць пазнаёміцца, у якіх умовах займаюцца ў гуртках па інтарэсах дзеці і падлеткі, паглядзець выставачныя экспазіцыі “Ад Дома піянераў да Цэнтра дзяцей і моладзі”, “Планета творчасці дзяцей”, выстаўку караблёў выхаванцаў судна – мадэльнага гуртка, наведаць творчыя майстэрні “Бісер”, “Шарсцінка”, тэатральную студыю “Сонейка”.
У яслях – садзе №3 агледзелі, як абсталяваны гульнявыя пляцоўкі на вуліцы, добраўпарадкавана тэрыторыя ўстановы, у якіх умовах выхоўваюцца дзеці.
З абсталяваннем вучэбных кабінетаў, фае, метадычнага цэнтра пазнаёміліся ў СШ №1, наведалі таксама і музей “Афганістан – незагойная рана”, афіцыйнае адкрыццё якога плануецца прымеркаваць да 25-ай гадавіны вываду войск з Афганістана.
З асноўным дакладам на сесіі выступіў дэпутат райсавета, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч. Ён падкрэсліў, што дзейнасць сістэмы адукацыі раёна накіравана на забеспячэнне стабільнага функцыянавання, эфектыўнага кіравання і развіцця, павышэння якасці, рэалізацыю дзяржаўных праграм і заканадаўчых актаў, у тым ліку і выкананне прынятай Праграмы да 2015 года.
Штогод у галіне адукацыі адбываецца нямала змен, з’яўляюцца новыя падыходы. У прыватнасці, толькі за апошнія тры гады колькасць вучняў у школах паменшала на 335, у дашкольных установах стала менш на 21 выхаванца. У сувязі з такой сітуацыяй адбываецца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Сёлета, напрыклад, у 5 з іх праведзена рэарганізацыя.
Па словах Івана Абаровіча, усе ўстановы адукацыі працуюць стабільна: добра арганізаваны падвоз дзяцей, на належным узроўні наладжана харчаванне, шмат увагі ўдзяляецца захаванню санітарных норм, правілаў і гігіенічных нарматываў, выкананню дзяржаўных стандартаў. Пашыраецца з кожным годам пералік адукацыйных паслуг, якія арыентаваны на індывідуальнасць дзіцяці. Сёлета ў 29 гуртках па інтарэсах займаюцца 311 выхаванцаў садкоў, а ў школах у 181 гуртку – 37% вучняў.
З 2011 года ў раёне няма выпускнікоў, якія нідзе не вучацца і не працуюць. Сёлета 50% былых адзінаццацікласнікаў сталі студэнтамі ВНУ. Расце таксама колькасць жадаючых атрымаць сярэднюю спецыяльную і прафесіянальна – тэхнічную адукацыю як сярод выпускнікоў 9-ых, так і 11-ых класаў.
У практыку работы ўстаноў адукацыі ўвайшлі бесперапынныя алімпіяды па ўсіх вучэбных прадметах, удзел у рэспубліканскіх гульнях – конкурсах, дыстанцыйных абласных алімпіядах і конкурсах, а таксама ўключэнне вучняў у навукова – даследчую дзейнасць. Вынікам удзелу каманды раёна ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 2013 годзе сталі 4 дыпломы, што дазволіла заняць пятае месца сярод сельскіх раёнаў. Аднак, на думку Івана Абаровіча, трэба больш актыўна ўдзельнічаць у алімпіядах, а настаўнікам праяўляць больш настойлівасці і творчасці ў падрыхтоўцы да іх школьнікаў.
Закрануў у сваім дакладзе І. Абаровіч пытанні аздараўлення дзяцей, прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх, спыніўся на падборы педагагічных кадраў, павышэнні іх кваліфікацыі.
Разам з тым зазначыў, што далейшага ўдасканалення патрабуе матэрыяльна – тэхнічная база некаторых устаноў адукацыі, дзейнасць па прафілактыцы курэння, ужывання алкаголю ў падлеткавым асяроддзі, не ў поўнай меры і недастаткова эфектыўна функцыяніруе цэнтр па рабоце з адоранымі і здольнымі дзецьмі. Словам, ёсць над чым працаваць і да чаго імкнуцца.
Падводзячы вынікі, старшыні райвыканкама Сяргей Шматаў і райсавета Ніна Пучынская падкрэслівалі, што дэпутаты змаглі сёння не толькі пачуць, але і ўбачыць, як працуе сістэма адукацыі ў раёне, ацаніць яе знутры. Дэпутацкі корпус разумее пастаўленыя задачы па ўзаемадзеянні і ўзаемадапамозе з установамі адукацыі, і такія адносіны трэба яшчэ больш умацоўваць, бо сумесныя намаганні па выхаванні і навучанні дзяцей абавязкова прынясуць плён.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *