Разнасолы на розны густ

Актуальное

111Квасільна-засолачны цэх у Відзах – адзіны ў сістэме Браслаўскага райпа на ўвесь раён. Яго прадукцыя добра вядома не толькі пакупнікам Браслаўшчыны, але і далёка за яго межамі. Салёныя агуркі і памідоры, квашаная капуста, мачоныя яблыкі на кірмашах у Мінску, Віцебску, іншых гарадах разыходзяцца ў імгненне вока. Летась, напрыклад, 8 тон салёных агуркоў у магазінах спажывецкай кааперацыі раёна і ў час правядзення кірмашоў прадалі яшчэ да новага года. Таму сёлета іх нарыхтавалі 12 тон 300 кілаграмаў. Прадукцыю закуплялі ў Брэсцкай, Гродзенскай абласцях. А ўжо ўмелыя рукі Яўгеніі Якушонак салілі іх па спецыяльным рэцэпце ў бочкі. Праўда, Яўгенія Іосіфаўна не вельмі ахвотна дзеліцца сакрэтам прыгатавання такіх смачных агуркоў, але зазначае, што іх хрусткасць і смак залежаць ад якасці вады, яна абавязкова павінна быць калодзежнай.
Напрыклад, капусту яна квасіць звычайную, з морквай, з журавінамі, як кажуць, на любы густ. Як і летась, яе сёлета ў цэху плануюць нарыхтаваць каля 16 тон.
Вельмі даспадобы мачоныя яблыкі. Літаральна з гэтага тыдня пачынаюць нарыхтоўваць здымную антонаўку па 1500 руб. за 1 кг, у той час як апад прымаюць па 500 руб.
Яўгенія Якушонак – спецыяліст сваёй справы. Па-першае, яна ў свой час працавала намеснікам старшыні Відзаўскага сельпо, мае спецыяльную адукацыю. Па-другое, добрая гаспадыня, якая заўсёды для сваёй сям’і нарыхтоўвала шмат разнасолаў і якія заўсёды падабаліся не толькі родным, а і гасцям, якія бывалі і бываюць у доме. Прытым жанчына зазначыла, што карыстаецца яшчэ бабулінымі рэцэптамі, якія ніколі не старэюць.
Праўда, у напружаны час нарыхтоўкі прадукцыі, Я. Якушонак не можа справіцца адна з усёй работай. Тады кліча на дапамогу памочніц – пачысціць моркву, часнок. Работа гэта працаёмкая, таму адной жанчыне не па сіле. Заключае працоўныя дагаворы і вельмі акуратна падыходзіць да выбару кандыдатур. Паколькі займаюцца яны прыгатаваннем прадуктаў харчавання, то і патрабаванні адпаведна строгія.
Словам, сёлета і браслаўчане, і госці горада змогуць зноў у зімовы сезон паласавацца разнасоламі, прыгатаванымі сапраўдным майстрам сваёй справы Яўгеніяй Якушонак, і ацаніць іх смак.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *