Парадак там, дзе яго падтрымліваюць

Власть и общество

IMG_6537 (Small)Чарговае выязное пасяджэнне прэзідыума райсавета, у якім прыняў удзел старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, прайшло ў мінулы панядзелак на тэрыторыі Плюскага сельсавета. Справаздачу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў на яго тэрыторыі трымаў старшыня сельскага Савета дэпутатаў Пётр Бялусь.
Напачатку наведалі аб’екты сацкультбыту. Варта адзначыць, што на тэрыторыях Барунскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для асоб састарэлага ўзросту і інвалідаў, сельвыканкама, Плюскай дзіцячы сад – сярэдняй школы, Плюскага сельскага Дома культуры чыста і па ўсім бачна, што парадак тут падтрымліваецца пастаянна. Разбіты кветнікі, падкошана трава, акуратныя агароджы. Шмат дзе тэрыторыі ўпрыгожваюць малыя архітэктурныя формы. Камфортна і ўтульна і ўнутры ўсіх памяшканняў. Зроблены рамонты, а ў школе ўвогуле яшчэ нават пахне свежай фарбай. Парадаваў асартымент магазіна “Купалінка” Браслаўскага райпа, што ў Плюсах. Хочацца спадзявацца, што ён такі насычаны ў гэтай сельскай гандлёвай кропцы пастаянна.
Прыемныя ўражанні пакінула наведанае падвор’е Ліліі Гатоўцавай, дзе ўсё патанае ў кветках. Гаспадыня расказала, што пры мінімальных затратах ёй удаецца кожны год ствараць вакол свайго дома такую прыгажосць. Экскурсію па аграсядзібе “Хутар Паснуддзе” прыватнага турыстычнага ўнітарнага прадпрыемства “Грын – Клаб”, якая толькі напрыканцы сёлетняга лета прыняла першых наведвальнікаў, правёў дырэктар Дзмітрый Тумас. Тут усё адпавядае высокаму еўрапейскаму ўзроўню – ад умоў пражывання да забаў. Ва ўсім адчуваюцца камфорт, утульнасць, клопаты гаспадароў пра экалагічны і разнастайны адпачынак сваіх гасцей.
На тэрыторыі сельсавета цяпер жывуць крыху больш за 1300 жыхароў у 83 населеных пунктах. Сярод іх найбольш людзей працаздольнага ўзросту, якія працуюць у самых розных сферах, 395 пенсіянераў, 186 дзяцей і маладых людзей, 64 адзінока пражываючыя непрацаздольныя грамадзяне.
Па словах Пятра Белуся, у сельсавеце вялікую ўвагу надаюць добраўпарадкаванню населеных пунктаў і навядзенню парадку на зямлі. Да гэтай справы актыўна далучаюцца дэпутаты мясцовага Савета, старэйшыны, самі жыхары, у многім дапамагаюць шэфы. Асабліва дзякаваў старшыня сельсавета за разуменне і падтрымку кіраўнікам ДРБУ-142 і АТП №18, якія ніколі не адмаўляюць вяскоўцам у дапамозе.
Сёлета, як зазначыў П. Бялусь, толькі на бягучае ўтрыманне і рамонт вулічна – дарожнай сеткі, а таксама добраўпарадкаванне населеных пунктаў у бюджэце сельскага Савета прадугледжана каля 114 млн. руб. Рамантуюцца агароджы, наводзіцца парадак на могілках у розных вёсках, высякаюцца хмызнякі, спілоўваюцца аварыйныя дрэвы, зносяцца старыя і лядашчыя пабудовы. На ўсё гэта патрэбны і сілы, і сродкі. Дапамагаюць шмат працаўнікі ААТ “Альшанка”, школьнікі, пагранічнікі пагранзаставы “Плюсы”.
Пастаянна праводзяцца агляды – конкурсы на лепшае падвор’е. Пераможцы атрымліваюць падарункі ў час правядзення свят вёсак.
Дэпутаты і старэйшыны часта становяцца ініцыятарамі правядзення суботнікаў, дапамагаюць яны і фарміраваць пазабюджэтны фонд для добраўпарадкавання сваіх населеных пунктаў.
Аднак, як зазначылі і сам Пётр Бялусь, і старшыня райсавета Ніна Пучынская, у многіх вёсках яшчэ і цяпер нямала недагледжаных дамоў, старых пакошаных агароджаў, гаспадары несвоечасова падкошваюць траву, убіраюць пустазелле. І такія непрывабныя куточкі псуюць агульны выгляд вёскі. “Мясцовай уладзе трэба мяняць падыходы да такіх абыякавых адносін некаторых грамадзян да сваіх тэрыторый. Магчыма, варта і пакараць кагосьці рублём, каб іншым была навука. А ўвогуле, толькі ўсім разам можна зрабіць нашы вёскі больш прыгожымі і прэзентабельнымі, каб прыемна было і самім мясцовым жыхарам, і гасцям”, — сказала, падводзячы вынікі пасяджэння прэзідыума, старшыня райсавета Ніна Пучынская.

Зінаіды Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *