OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па прыгажосць у «Браслаўчанку”

Актуальное

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ  Браславе, акрамя дзяржаўных, больш за 10 прыватных цырульняў. Нягледзячы на гэта, кліентаў хапае ва ўсіх. Прыватная цырульня “Браслаўчанка” размясцілася ў адным з самых ажыўленых куточкаў нашага горада – у гандлёвым цэнтры “Віталіч”. Тут робяць мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя стрыжкі, простыя і мадэльныя, хімічную і біязавіўку, прычоскі, меліраванне і каларыраванне валасоў.
Наведвальнікаў абслугоўваюць дзве абаяльныя жанчыны – Галіна Старавойтава і Ганна Апанчонак (на здымку). Іх даўняе знаёмства перарасло амаль тры гады таму назад у партнёрства. Разам некалі працавалі ў РКБА. У сваю прафесію і Галіна, і Ганна прыйшлі невыпадкова, а па закліку душы. Як, бадай, і кожная дзяўчынка, пачыналі рабіць напачатку прычоскі лялькам. Пазней практыкаваліся на сваіх родных. Праўда, па іх прызнанні, прыгожа атрымлівалася не заўсёды. Здаралася, што пасля іх работы з нажніцамі даводзілася потым кліентам яшчэ доўга хадзіць у хустках. Але з часам майстэрства адточвалася, прыходзілі вопыт і прызнанне.
На пэўны час лёс разлучыў сябровак. Ганна паехала вучыцца ў польскі горад Люблін у каталіцкі ўніверсітэт. Праўда, калі прыязджала на радзіму, прыходзіла абслугоўвацца толькі да Галіны. А Г. Старавойтава з кожным годам станавілася ўсё больш вядомым майстрам сваёй справы, у якога ад кліентаў не было адбою. Ведаю гэта не па словах, бо вось ужо колькі гадоў таксама з’яўляюся яе пастаяннай кліенткай.
Заняцца прадпрымальніцтвам падказаў сам час. Галіна адразу вызначылася, што ў яе прыватнай цырульні павінна быць усё самае лепшае і самы высокі ўзровень абслугоўвання. Сучаснае абсталяванне, касметычныя сродкі, каталог модных прычосак і шчырая сяброўская атмасфера – гэта складаемыя папулярнасці “Браслаўчанкі”.
Да кожнага наведвальніка ў цырульні знаходзяць свой падыход. Пацікавяцца здароўем, настроем, якую стрыжку ці прычоску жадае кліент, прапануюць свой варыянт, калі адчуваюць, што прапанаваны кліентам не вельмі яму падыходзіць.
Летам сярод наведвальнікаў гэтай прыватнай цырульні нямала турыстаў з Расіі. І яны застаюцца задаволены абслугоўваннем, пра што сведчаць шматлікія запісы ў кнізе заўваг і прапаноў. Праўда, у Браславе таксама шмат не проста патрабавальных кліентаў, а і модніц – авангардыстак, якія ведаюць, якімі жадаюць сябе бачыць. І па прызнанні Галіны і Ганны, такім таксама ўдаецца дагадзіць.
Каб быць у курсе навінак у цырульніцкай справе, Г. Старавойтава і Г. Апанчонак павышаюць свой прафесіянальны ўзровень на курсах, шмат цікавага і патрэбнага знаходзяць у інтэрнэце. Бо цяпер без гэтага нельга.
Даставіць людзям задавальненне, стварыць прыўзняты настрой – такі дэвіз майстроў з “Браслаўчанкі”. Яны абедзве па-сапраўднаму любяць сваю прафесію і нават не ўяўляюць сябе ў іншай ролі. Праўда, Ганне на пэўны час давялося расстацца з ёй, але пра гэта яна ніколькі не шкадуе. Вучоба ва ўніверсітэце, у якім закончыла два факультэты, аспірантуру, атрымала званне магістра багаслоўя і кананічнага права, шмат дала для асабістага развіцця. А працаваць давялося па выбранай у юнацтве прафесіі. Дарэчы, аматарам – цырульнікам быў бацька Ганны. У вёсцы, дзе жылі Апанчонкі, да яго прыходзілі стрыгчыся ўсе жадаючыя, бо ён меў машынку для стрыжкі. Яе Ганна захоўвае як дарагую сэрцу рэліквію і сёння.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.