Меркаванне народа – ацэнка работы

Актуальное

рафик-приема-граждан-руководящим-составом-РОВДВывучэнне грамадскага меркавання пра работу міліцыі з’яўляецца лепшым спосабам даведацца пра тое, як глядзяць на яе людзі. А адной з лепшых форм маніторынгу стала ананімнае анкетаванне, у якім браслаўчане не проста ацэньваюць работу праваахоўных органаў, але і ўносяць свае прапановы па яе ўдасканаленні.
Так, у лютым жыхары раёна ўжо мелі магчымасць выказаць сваю думку. І вось у ліпені супрацоўнікі Віцебскага УУС зноў наведалі Браслаўшчыну, каб у чарговы раз паслухаць меркаванні грамадзян пра работу раённай міліцыі.
Падчас яго правядзення было апытана шмат рэспандэнтаў, якія адносяцца да розных сацыяльных груп, прадстаўляюць асноўныя сферы дзейнасці. Мужчыны і жанчыны ва ўзросце ад 18 да 50 гадоў і старэй адказвалі на 16 пытанняў анкеты.
Аналіз атрыманых даных паказаў, што ступень даверу насельніцтва міліцыі складае 89,4%, што з’яўляецца неблагім паказчыкам дзейнасці Браслаўскага РАУС. Пры гэтым поўнасцю давяраюць міліцыянерам 33,5% апытаных (падчас апытання ў лютым гэта лічба была на ўзроўні 32,8%).
Рэспандэнтам задавалі таксама пытанне, наколькі аператыўна рэагавалі на ваш званок па тэлефоне “102”. У выніку 85,5% адказалі, што супрацоўнікі міліцыі адрэагавалі хутка, 11,3 % што прыехалі на месца здарэння позна, і толькі 3,2% выказаліся, што на іх паведамленне не адрэагавалі. Лічбы ўнушальныя, а гэта гаворыць пра тое, што нашы браслаўскія міліцыянеры стараюцца па першым выкліку імчацца на дапамогу сваім грамадзянам. Іншая справа, што да некаторых населеных пунктаў дабрацца хутка вельмі складана.
Традыцыйным ужо стала пытанне адносна праяўленых якасцей міліцыянера, да якога даводзілася звяртацца. Тут 45,3% адзначылі іх ветлівасць і ўважлівасць, яшчэ 42,9% – прафесіяналізм. А вось пасіўнасць, абыякавасць, грубасць толькі 11,7%(падчас апытання ў лютым – 22,2%).
У выпадку рэальнай пагрозы маёмасці, жыццю, здароўю 76,5% адразу звернуцца ў міліцыю, і толькі 7,1% будуць разлічваць на свае сілы. Што асабліва прыемна, расце колькасць свядомых грамадзян, якія гатовы дапамагчы нашым супрацоўнікам у барацьбе са злачыннасцю (72,9% апытаных).
Трэба зазначыць, што ў параўнанні з мінулагоднім апытаннем амаль усе паказчыкі значна палепшыліся. Да прыкладу, дапамагаць міліцыі ў барацьбе са злачыннасцю гатовы ўжо не 59%, а 76,5% рэспандэнтаў.
Жыхары раёна падчас апытання звярнулі ўвагу і выказалі прапановы адносна таго, каб прыцягваць да адказнасці вадзіцеляў, што парушаюць правілы прыпынку і стаянкі, рассякаюць у п’яным выглядзе па раёне, кантраляваць стан дарожных знакаў, сачыць за тым, каб у грамадскіх месцах не пілі алкагольныя напіткі, абсталяваць скрыжаванне вуліц Дзяржынскага – Юбілейная – Садовая і Чырвонаармейская – Маякоўскага святлафорамі. Пры гэтым апошняя такая прапанова паступае ўжо другі раз.
Акрамя таго, рэспандэнты заўважылі, што такое апытанне неабходна і дапамагае ацаніць работу РАУС. Анкетаванне будзе праводзіцца і надалей. А пасля аналізу вынікаў апытання работа аддзела ўнутраных спраў будзе накіравана на тое, каб палепшыць некаторыя паказчыкі ў лепшы бок.

Вячаслаў Грышчанка,
начальнік РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *