Фізік з цягай да лірыкі

Люди

IMG_6663 (Small)Сустрэцца з Уладзімірам Мажылоўскім мяне падштурхнула прачытаная аповесць у часопісе «Полымя». Твор сапраўды спадабаўся і ўсхваляваў. А яшчэ зацікавіла, як фізік па спецыяльнасці стаў лірыкам і гісторыкам у адной асобе.
Уладзімір Барысавіч пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута і быў накіраваны на Браслаўшчыну. Маладога настаўніка адразу прызначылі дырэктарам Барунскай базавай школы, якой ён умела і добрасумленна кіраваў 27 гадоў, пакуль яе не закрылі ў выніку аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі.
Цікавасць і любоў да беларускай гісторыі і літаратуры ў У. Мажылоўскага ўзнікла яшчэ ў студэнцкія гады. Ужо тады будучы настаўнік шукаў і набываў кнігі беларускіх класікаў. З вялікім задавальненнем юнак чытаў творы на гістарычную тэму, пранікаўся прыгожай і меладычнай роднай мовай. Так паступова цікавасць да мінулага Беларусі стала сур’ёзным захапленнем юнака, а ў будучым — трывалым падмуркам для ўласнай творчасці.
— Спачатку ў галаве зараджаецца ідэя, задума, — дзеліцца сваімі таямніцамі аўтар, — потым паступова ўзнікае сюжэтная лінія, час і месца дзеяння. Тады пачынаю вывучаць гістарычную літаратуру, каб падзеі ў творы выглядалі больш рэалістычна. А калі прыходзіць натхненне, з’яўляецца такое ўражанне, быццам нехта дыктуе, а ты пішаш, не зважаючы на гадзіннік.
Амаль усе падзеі, пра якія расказвае аўтар, уносяць чытача ў старажытныя часы. Праз створаныя аўтарам вобразы герояў мы маем магчымасць уявіць, як жылі нашы продкі, іх імкненні, пачуцці і мары. Творы чытаюцца лёгка, без напружання, і ў такім, здаецца, ўжо вядомым, адкрываеш для сябе нешта новае, нечаканае і цікавае.
— Настолькі ўваходзіш у створаны вобраз, — расказвае Уладзімір Барысавіч, — што разам са сваімі героямі радуешся і сумуеш, перажываеш і хвалюешся, вельмі цяжка перажываеш іх гібель.
Творы У. Мажылоўскага адрасаваны шырокаму колу чытачоў, паколькі прысвечаны вечным чалавечым пачуццям — сумленню, годнасці, любові, таварыству, надзеі і веры.
На сённяшні дзень Уладзімір Барысавіч працуе загадчыкам аддзялення кругласутачнага знаходжання для састарэлых грамадзян і інвалідаў у Барунах. А ў вольны час у яго шмат творчых задум і планаў, ажыццяўленне якіх, я спадзяюся, мы убачым у цікавых творах .

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *