Да справы з душой

Актуальное

1212Пра смачныя відзаўскія беляшы, піражкі з рознымі начынкамі даўно ведаюць многія за межамі гэтага гарадскога пасёлка. А пра тое, хто іх гатуе, далёка не ўсе, бо повар як бы застаецца па-за ўвагай. Тым не менш нядаўна мне давялося пазнаёміцца з поварам пятага разраду відзаўскага кафэ Наталляй Ходзюш, маладой абаяльнай жанчынай, якая з задавальненнем расказвала пра сваю работу.
Дзяўчына выбрала прафесію яшчэ ў школе. Паспяхова закончыла Відзаўскае прафтэхвучылішча і прыйшла працаваць у кандытарскі цэх. Затым была работа ў буфеце кафэ, і Наталля не магла не зацікавіцца сакрэтамі прыгатавання піражкоў і беляшоў у калегі па цэху Ядзвігі Міткевіч. Жанчына збіралася на заслужаны адпачынак і з задавальненнем перадавала вопыт маладому повару. І замену, зазначу, знайшла сабе дастойную.
Працоўны дзень Наталлі пачынаецца ў 5 гадзін раніцы, каб паспець своечасова прыгатаваць партыю прадукцыі для адпраўкі ў магазіны Відзаўскага і Опсаўскага сельсаветаў, а таксама да адкрыцця кафэ. Звычайна, па яе прызнанні, выпякае па 400-450 вырабаў у змену, а ў святы, калі паступае шмат заказаў, і да 700 штук даходзіць. Найбольш даспадобы і прыймальнымі па цане з’яўляюцца піражкі з павідлам. А яшчэ яны бываюць з тварагом, капустай, згушчаным малаком.
Цеста месіцца ўручную, магчыма, таму піражкі і атрымліваюцца такімі пышнымі і румяным, бо Наталля робіць сваю справу з душой.
Увогуле Н. Ходзюш расказвала, што гатаваць яна вельмі любіць. Не купляе, як большасць з нас, пячэнне ды тарты ў магазіне, а выпякае іх сама, бо любіць парадаваць ласункамі членаў сваёй сям’і. Нярэдка з просьбамі прыгатаваць нешта смачнае і неардынарнае звяртаюцца родныя, знаёмыя, сябры. Наталля не адмаўляецца, хоць працэс і патрабуе шмат часу і старанняў.
— Я люблю дастаўляць людзям задавальненне, — гаворыць мая суразмоўца. – Так прыемна чуць словы ўдзячнасці, што торт прыйшоўся даспадобы.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *