Адказнасць адна на ўсіх

Актуальное

1Сучасная гісторыя мытнай службы на Браслаўшчыне вядзе свой пачатак з 1991 года. Праўда, у сувязі з пераўтварэннямі ў 2002 годзе браслаўская мытня набыла статус мытнага паста Полацкай мытні, а са студзеня 2010 года стала мытным пастом Віцебскай мытні, які сёння ўключае ў сябе два аддзелы мытнага афармлення і кантролю ў рэспубліканскім пункце мытнага аддзялення “Урбаны” і ведамасных “Браслаў” і “Паставы – аўта”.
Але як бы ні мянялася назва, перад супрацоўнікамі мытных органаў стаялі і стаяць задачы абароны эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Яе рашэнне патрабуе поўнай мабілізацыі сіл і канцэнтрацыі сродкаў, а ад асабовага саставу – высокага прафесіяналізму і ведання заканадаўства.
Адзін у полі не воін, гаворыць народная мудрасць. А ў такой справе, як ахова мытнай граніцы, у адзіночку любому ведамству, якім бы патэнцыялам яно ні валодала, не справіцца. Таму ў аснову дзейнасці браслаўскіх мытнікаў пакладзены прынцыпы ўзаемадзеяння з усімі структурамі, якія ажыццяўляюць свае функцыі на дзяржаўнай граніцы РБ.
Мінулыя месяцы бягучага года даюць падставы меркаваць, што правапарушальнікі па-ранейшаму спрабуюць незаконна перавезці розныя партыі тавараў з выкарыстаннем канструкцыйных асаблівасцей аўтатранспарту, спецыяльна абсталяваных для гэтага тайнікоў. Намеснік начальніка мытнага паста Валерый Каралюк расказаў толькі пра некалькі з такіх спроб.
Напрыканцы жніўня грамадзянін Беларусі спрабаваў ўвезці ў нашу краіну аўтамабіль з падробленымі нумарамі. Такую ўлоўку ён вырашыў прымяніць для таго, каб не плаціць мытную пошліну. Але, дзякуючы пільнасці мытнікаў, зрабіць гэта яму не ўдалося.
4 верасня ў пункце пропуску “Урбаны” ў 58-гадовага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі супрацоўнікі мытні разам з пагранічнікамі выявілі “шэры” тавар. За спінкамі і сядзеннямі вадзіцеля і пасажыра знаходзіліся 168 упаковак з ін’екцыямі (ізатанічныя гамагенныя імплантанты вытворчасці Аўстрыя). Незаконна перавозімы тавар ацэнены на суму 151 млн. 200 тысяч рублёў. Справа па гэтым факце пасля даследавання будзе перададзена ў суд, які і расставіць усе кропкі над “і”.
Без мытнага афармлення спрабаваў увезці ў Беларусь электразапчасткі і электраінструменты і яшчэ адзін расіянін. І зноў яго спроба аказалася няўдачнай, бо аўтамабіль трапіў пад пільнае вока браслаўскіх мытнікаў. Тавар канфіскавалі, а ўладальніку транспартнага сродку давялося яшчэ да таго і штраф заплаціць.
Гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што большасць супрацоўнікаў ПТА “Урбаны” – прафесіяналы сваёй справы. Усяго тут працуюць каля 40 чалавек, чатыры змены. Праўда, у апошнія гады многія прыходзяць на службу пасля заканчэння ВНУ і вопыт набываюць ужо на практыцы. І дапамагаюць ім у гэтым людзі, чый працоўны стаж вымяраецца не адным – двума гадамі. Добрымі настаўнікамі для маладых супрацоўнікаў мытні з’яўляюцца Мікалай Юла, Уладзімір Пуйша, Аляксей Кудзелька.
А прыкладам адказных адносін да службовых абавязкаў для падначаленых служыць начальнік пункта мытнага афармлення “Урбаны” Валерый Гордаў.
З кожным годам расце тавара- і грузапаток, адпаведна і нагрузка на супрацоўнікаў. У параўнанні з 2009 годам ён павялічыўся ў два разы. Таму і мытнікі, і пасажыры з нецярпеннем чакаюць абяцанай рэканструкцыі ПТА “Урбаны”. Завершана праектаванне гэтага аб’екта, пачалося будаўніцтва. За два гады на гэтым месцы павінен з’явіцца новы пункт пропуску, які адказвае ўсім міжнародным стандартам. У прыватнасці, прадугледжана расшырэнне палос руху і сэрвісных зон з мэтай павелічэння прапускной здольнасці, стацыянарныя радыяцыйныя вароты, вагагабарытны кантроль, пляцоўкі для адстою транспарту і для затрыманых машын, бокс паглыбленага агляду і інш. Хочацца спадзявацца, што ўсё гэта будзе садзейнічаць больш плённай рабоце браслаўскіх мытнікаў і паляпшэнню камфорту пасажыраў.
Служба ў мытных органах для многіх людзей стала старонкай біяграфіі. На ПТА “Урбаны” падабраўся дружны, зладжаны калектыў, які пільна стаіць на абароне эканамічных інтарэсаў дзяржавы і паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на яго задачамі.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *