Новы дзіцячы гарадок

Главное

Выдатны падарунак да новага навучальнага года атрымалі браслаўскія дзеці. На Юдаўцы, у раёне новабудоўляў, з’явіўся дзіцячы гульнявы гарадок, нечым падобны на той, які ўжо некалькі гадоў стаіць ля гарадскога стадыёна. Аднак новы комплекс аснашчаны больш багата ды і выглядае крыху прывабней – новае ёсць новае.
Як паведамілі ў райвыканкаме, будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі – сацыяльны праект, які рэалізаваны ў рамках дагавора наконт будаўніцтва па вуліцы Кастрычніка гандлёвага цэнтра. Кампанія-забудоўшчык ТАА “ІнРудІнвест” за ўласныя сродкі набыла абсталяванне і ў якасці спонсарскай дапамогі перадала яго на баланс ДП “Браслаў-камунальнік”, супрацоўнікі якога і займаліся ўстаноўкай.
Месца для гарадка абрана невыпадкова, бо менавіта ў раёне новых шматпавярховак жыве найбольшая колькасць маладых сямей і, адпаведна, дзяцей. І пакуль малыя будуць бавіць час на горках і арэлях, іх мамы і таты змогуць адпачыць на пастаўленых тут жа лавачках. Адным словам, справа карысная: і людзей парадавалі, і горад упрыгожылі. Засталося толькі захаваць…

Вячаслаў Каладынскі.