Ёсць чым ганарыцца

Актуальное

IMG_5653 копияЯк пісаў расійскі філосаф Павел Фларэнскі, культура – гэта тая вяроўка, якую можна кінуць тапельцу, але ёй можна і задушыць. Сапраўды, цяжка не згадзіцца з тымі, хто надае каласальную ролю культуры ў жыцці і развіцці любога грамадства. У шырокім сэнсе яна ахоплівая ўсё, створанае цывілізацыяй, – ад цвіка да самых вядомых музычных твораў. Стан жа культурных спраў у вузкім сэнсе і адносна канкрэтнай тэрыторыі разглядалі ў аўторак на выязным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Праходзіла яно ў Друі, што невыпадкова: на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца шэраг аб’ектаў, гісторыка-культурную каштоўнасць якіх цяжка пераацаніць.
Яшчэ да пачатку афіцыйнай часткі мерапрыемства, члены прэзідыума і запрошаныя азнаёміліся з дзейнасцю і дасягненнямі Друйскага і Друеўскага Дамоў культуры і адпаведных бібліятэк, завіталі ў Друйскую сярэднюю школу, дзе паспяхова працуе філіял Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў і музей гісторыі Друі, агледзелі мясцовыя славутасці: габрэйскія могілкі, Барысаў камень, касцёл Прасвятой Троіцы.
Непасрэдна ж пасяджэнне, у якім прыняў удзел і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, мела на ўвазе вывучэнне сітуацыі з абслугоўваннем насельніцтва сельсавета ўстановамі культуры і выпрацоўку мер па яе паляпшэнні.
Як вынікае са слоў дакладчыкаў, старшыні Друеўскага сельвыканкама Ларысы Корсак і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлі Спірыдонавай, для прыкладна 2180 жыхароў сельсавета працуюць 3 клубы, 3 бібліятэкі і філіял дзіцячай школы мастацтваў. Кваліфікаваныя кадры ёсць. Паказчыкі адносна колькасці праведзеных мерапрыемстваў і іх удзельнікаў растуць. Так, за 6 месяцаў бягучага года арганізавана і праведзена 137 дыскатэк, канцэртаў, свят і іншае, якія наведалі каля 5000 чалавек. У параўнанні з леташнім аналагічным перыядам лічбы выраслі 10-15%. Аднак колькасць і якасць, як высветлілася, не заўсёды крочаць побач. Крытычныя заўвагі датычыліся арганізацыі работы з падлеткамі і моладдзю, якім часта не цікава ўдзельнічаць у прапанаваных мерапрыемствах, і пенсіянерамі. Недахопы дзейнасці ў гэтых накірунках адбіваюцца на рэалізацыі планаў па аказанні платных паслуг, якія выкананы за паўгоддзе толькі на 22-63%. Трэба сказаць, што на фоне клубных устаноў бібліятэкі выглядаюць куды лепш: планы выконваюцца, паказчыкі адпавядаюць сярэднеабласным.
На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 4 аб’екты, занесеныя ў дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей: брацкая магіла, ансамбль Троіцкага касцёла з былым манастыром бернардзінцаў, парк 18 стагоддзя і Свята-Троіцкі храм. Падрыхтаваны дакументы на ўключэнне ў гэты спіс Барысавага каменю. Аднак, як паказвае практыка, такі патэнцыял амаль не выкарыстоўваецца на карысць развіцця турызму. Да таго ж прылягаючая да гэтых аб’ектаў тэрыторыя далёка не заўсёды годна дагледжана, што, па словах Ніны Пучынскай, недапушчальна.
Такім чынам, падставы для гонару за свой край і яго людзей, якія ў складаных умовах паспяхова вырашаюць пастаўленыя задачы, у нас ёсць. Роўна як ёсць і поле дзейнасці ў плане ўдасканальвання работы па некаторых накірунках. Сярод апошніх павышэнне якасці мерапрыемстваў, больш шчыльнае ўзаемадзеянне паміж іх арганізатарамі, распрацоўка і ўкараненне турыстычных і экскурсійных маршрутаў. Пры наяўнасці спецыялістаў, неблагой матэрыяльнай базы і жадання пастаўленыя задачы не здаюцца невыканальнымі. Тым больш, што друйскай зямлі, як, дарэчы, і ўсёй Браслаўшчыне, сапраўды ёсць што паказаць і чым ганарыцца.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *