Улётная хваля лета

Власть и общество

IMG_6048 (Small)Кожны год з нецярпеннем чакаюць браслаўчане мерапрыемства, прысвечанага дню Нептуна, бо гэта вясёлае, жартаўлівае і маляўнічае летняе свята стала сапраўды любімым. Сёлета ж уладар браслаўскіх азёр ніяк не жадаў выходзіць са сваіх водных палацаў, дасылаў на бераг дрэннае надвор’е, а пляж накрываў вялікімі хвалямі. З-за гэтага давялося пераносіць правядзенне мерапрыемства на больш позні час. Але ўсё ж у мінулую нядзелю гарадскі пляж возера Дрывяты напоўніўся шумам, святочным настроем і Няптун на пэўны час пакінуў свае ўладанні, каб павітацца з браслаўчанамі і гасцямі горада.
Людзі пачалі збірацца на пляж яшчэ задоўга да пачатку тэатралізаванага прадстаўлення. Прыходзілі цэлымі сям’ямі ці ў кампаніі сяброў. Пакуль дарослыя добра праводзілі час і частаваліся ў набярэжным кафэ прысмакамі ад райпа, каталіся на катамаранах ці гулялі ў валейбол, дзеці спаборнічалі ў трапнасці, ласаваліся салодкай ватай і скакалі на батуце. Гасцей горада больш за ўсё цікавілі работы, якія прапанавалі паглядзець ці набыць майстры клуба “Ля возера”. Нават сонейка, якое з раніцы хавалася за аблокамі, усё ж выглянула з-за іх і яшчэ больш дабавіла добрага настрою.
Тым часам райкам БРСМ запрасіў жадаючых да ўдзелу ў розных конкурсах. Так, каманды гімназіі, СШ№1 і №2, рэабілітацыйнага цэнтра для падлеткаў прыняліся ляпіць фігуры з пяску. Яшчэ нядаўна тут быў роўны пляж, а ўжо праз гадзіну адзін за адным на ім з’явіліся вядомы герой мультфільма Спанч Боб, прыгожая лягушка і іншыя дзіўныя скульптуры. У выніку лепшай фігурай была прызнана менавіта вясёлая жаба, якую вылепілі вучні СШ№1, за яе і атрымалі прыз. Упершыню адбыўся і конкурс бодзі-арта. Творчыя жыхары Браслава аб’ядналіся ў пяць каманд, кожная з якіх прыдумала сабе назву і ідэю для малюнку на целе. Адны абмежаваліся графічнымі ўзорамі на твары, другія, не пабаяўшыся не надта цёплага надвор’я, размалявалі ўсё цела. Перамога ж аказалася на баку каманды “Марачкі” з гімназіі.
Нарэшце пачалося і тэатралізаванае прадстаўленне з вясёлай назвай “Улётная хваля”. Пакуль гледачы чакалі галоўную дзеючую асобу свята – Нептуна, дзве сяброўкі-ліхадзейкі Кікі і Мара паспрачаліся з яго жонкай, што зоймуць сэрца ўладара браслаўскіх азёр. А каб зрабіць гэта было прасцей, схапілі і схавалі Царэўну. Тут ужо Няптун не мог спакойна заставацца ў водных прасторах. Разам з русалкамі ён прыплыў на яхце і выклікаў сябровак на паядынак, правесці які вырашылі праз конкурсы і гульні, у якія запрасілі гледачоў. Дарослыя і дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў іх і паказвалі сваю спрытнасць, хуткасць і сілу. А артысты Дома культуры ў гэты час дарылі гледачам цудоўныя песні.
Нарэшце дабро перамагло зло, сяброўкі Кікі і Мара паабяцалі больш не рабіць нікому шкоды, а Няптун пажадаў усім добрага настрою і паабяцаў вярнуцца праз год. Свята скончылася, але гледачы яшчэ доўга не пакідалі пляж. Яны фатаграфаваліся з пясчанымі фігурамі, адпачывалі, а самыя смелыя нават рызыкнулі пакупацца. Вечарам моладзь чакалі на начную дыскатэку ў РДК.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *