IMG_5827 (Small)

Уладары сяла жывуць у Далёкіх

Общество

IMG_5827 (Small)У мінулую суботу яшчэ з раніцы вёска Урбаны пачала напаўняцца водарам свята: грала музыка, развешваліся банеры і сцягі, устанаўліваліся гандлёвыя палаткі, паўсюдна мітусіліся людзі. Поўным ходам ішла падрыхтоўка да раённага этапу сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, які сёлета праходзіў на базе мясцовага Дома культуры. Арганізатарам мерапрыемства выступіў райкам БРСМ пры падтрымцы аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі спорту і турызму райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні і райкама прафсаюзаў работнікаў АПК.
Усе, хто прыйшоў на свята, маглі азнаёміцца з творчасцю навучэнцаў і педагогаў Урбанскай дзіцячы сад-сярэдняй школы, наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага крыжа частавалі ўсіх жадаючых вадой, каб спякотнае надвор’е не перашкаджала святочнаму настрою. А асаблівы шарм падзеям надавалі ўсмешкі праязджаючых побач дальнабойшчыкаў, якія збаўлялі хуткасць і з непадробнай зацікаўленасцю назіралі за ўсім, што адбывалася, з высокіх кабін сваіх грузавікоў. Некаторыя з іх нават сігналілі, даючы своеасаблівую станоўчую ацэнку мерапрыемству.
Паспрабаваць жа свае сілы ў барацьбе за права звацца ўладарамі сяла сёлета заявіліся сем’і Молакавых з Ахрэмавецкага, Ванагаў – з Далёкаўскага, Жукоўскіх з Слабодкаўскага, Лязаніных з Цяцеркаўскага сельсаветаў і сям’я Аксаны Кароль і Генадзя Карніцкага з Друі. Большасць з іх суправаджалі старшыні адпаведных сельвыканкамаў.
Падрыхтаваныя арганізатарамі іспыты былі падабраныя такім чынам, каб журы магло ацаніць здольнасці маладых людзей у вядзенні традыцыйнай хатняй гаспадаркі, характэрнай для беларускай вёскі. Так, удзельнікам давялося прэзентаваць сябе ў конкурсе візітак, дзе гледачы і песні паслухалі, і годныя сцэнічныя пастаноўкі паглядзелі. Конкурс “Дрывасек” меў на ўвазе хуткасную распілоўку, шчапанне і складзіраванне дроў. Здольнасці ў падрыхтоўцы лазні сем’і дэманстравалі падчас іспыту “З лёгкай парай!”, калі муж вязаў венік, а жонка насіла ваду ў каромысле. Давялося гаспадарам і каня запрагаць, і бульбу чысціць. На дэсерт жа ўдзельнікі праекта прадэманстравалі кулінарныя здольнасці і прадставілі на суд журы свае традыцыйныя сямейныя стравы.
Пакуль мамы і таты вялі імправізаваную хатнюю гаспадарку, іх дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў забаўляльнай праграме. Клоун Топа, Вадалей і царэўна Несмяяна некалькі гадзін не давалі сумаваць маленькім удзельнікам свята.
Карціна мерапрыемства будзе няпоўнай, калі не дадаць, што конкурсы для адных сталі сапраўднай падзеяй для іншых. Я маю на ўвазе мясцовых жыхароў, якіх сабралася некалькі дзясяткаў. Седзячы за сталом з кубачкам чаю і ўдыхаючы водар шашлыку, яны назіралі за відовішчнымі конкурсамі. Да таго ж час ад часу конкурсная праграма змянялася песнямі ў выкананні работнікаў культуры – тут вам і невялічкі канцэрт. “Ніколькі не шкадую, што прыйшла, — падзялілася ўражаннямі старэйшына вёскі Урбаны Валянціна Аляхно. — Добры настрой, цікавыя зносіны і ўвогуле цудоўная магчымасць, каб развеяцца.”
Аднак час праляцеў хутка, і конкурсная праграма завяршылася, выявіўшы пераможцаў. Трэцяе месца заваявала сям’я Кароль-Карніцкіх з Друі, другімі сталі Жукоўскія са Слабодкі. Перамогу ж святкавалі Юрый і Кацярына Ванагі з сынам Мікітам. Граматы і каштоўныя падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі, а пераможцы – яшчэ і права прадстаўляць Браслаўшчыну на абласным этапе “Уладара сяла”. Па словах Кацярыны Ванагі, стаць першымі іх сям’і дапамагла зладжанасць, узаемаразуменне і згуртаванасць, нягледзячы на тое, што малодшы сын Мацвей не змог паўдзельнічаць з-за хваробы.
Старшыня журы Ніна Пучынская, падводзячы вынікі мерапрыемства, зазначыла, што жыць ў вёсцы няпроста, але там нашы карані і душа. “І моладзь, накшталт той, што ўдзельнічала сёння ў праекце, служыць сапраўдным упрыгожваннем нашых сельскіх населеных пунктаў,” – сказала яна. Цяжка не згадзіцца, асабліва калі прыняць да ўвагі сучасныя міграцыйныя і дэмаграфічныя тэндэнцыі. На гэтым фоне годная сельская моладзь заслугоўвае павагі ўдвая.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.