У навучальны год з новымі ідэямі

Актуальное

0008Раённы цэнтр дзяцей і моладзі дае магчымасць кожнаму дзіцяці акунуцца ў свет фантазіі. Разам педагогі і іх вучні ператвараюць самыя патаемныя мары ў рэчаіснасць з дапамогай няхітрых прыстасаванняў і кропелькі цярпення. Гэта таксама месца, дзе кожны можа знайсці сабе занятак па душы.
Нават летам тут з радасцю чакалі ў госці дзяцей. Загадзя на кожны з месяцаў была распрацавана новая і цікавая праграма. Як расказала дырэктар ЦДМ Ірына Угарэнка, уся работа творчага калектыву накіравана на тое, каб у час канікулаў дзеці не марнавалі дарэмна час на вуліцы ці за камп’ютарам, а праводзілі яго цікава і з карысцю. Да таго ж праз мерапрыемствы, выстаўкі і заняткі педагогі прапагандавалі магчымасці ўстановы, каб у далейшым дзеці запісваліся ў гурткі і аб’яднанні па інтарэсах.
Увогуле ж лета тут прайшло пад назвай “Удачны сезон”. У чэрвені школьнікі горада і раёна аздараўляліся ў ЦДМ. Для іх працавалі лагеры, у тым ліку і традыцыйны абаронча-спартыўны для старэйшых вучняў, быў арганізаваны раённы турзлёт, усе мерапрыемствы накіраваны на тое, каб дзеці больш рухаліся, актыўна праводзілі час.
У ліпені вучні мелі магчымасць развіць свае здольнасці на гульнявых пляцоўках і забаўляльных мерапрыемствах. Увесь месяц для іх дзейнічалі клубы “Трыджык” і настольных гульняў, відэасалон. Упершыню да сябе паклікала ў чэрвені і ліпені “Школа малыша”.
Апошні месяц лета таксама вельмі насычаны на падзеі. Працягваюць сваю работу клубы і гурткі, творчыя майстэрні. Жадаючыя могуць зазірнуць ва ўстанову і паглядзець на фотавыставу “Ёсць Браслаўскі край”, дзе сабраны самыя лепшыя здымкі пра Браслаўшчыну розных аўтараў.
Усё лета ў ЦДМ ладзіліся экскурсіі, вандроўкі не толькі для школьнікаў, але і гасцей горада, дзеці прымалі ўдзел у міжнародных праектах. Таксама школьнікі на некалькі дзён адправіліся ў вандроўку па Парыжы, толькі не французскім, а нашым, беларускім, што ў Пастаўскім раёне.
Зараз цэнтр дзяцей і моладзі рыхтуецца да новага навучальнага года. Установа сустрэне наведвальнікаў адрамантаванымі ўтульнымі кабінетамі. Нядаўна свае дзверы тут адчыніла выставачная зала музея дзіцячых рамёстваў. У ёй прадстаўлены 18 тэхнік, якім вучаць ва ўстанове, сабраны лепшыя работы вучняў і педагогаў, многія з якіх дыпламанты рэспубліканскіх конкурсаў. Плануецца, што сюды на экскурсію будуць прыходзіць вучні школ раёна, педагогі, госці горада. А значыць, жадаючых заняцца цікавым рамяством стане больш. Не за гарамі і той час, калі свае дзверы адчыніць музей адукацыі.
У новым навучальным годзе на базе ЦДМ і іншых школ запрацуюць 89 гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах, дзе змогуць праявіць сябе каля 900 дзяцей. Асаблівая ўвага будзе удзяляцца дзецям, якія аздараўляюцца ў рэабілітацыйным цэнтры для падлеткаў. Іх будуць запрашаць на выставы, мерапрыемствы і гульнявыя праграмы. Што датычыцца новых накірункаў, то плануецца адчыніць факультатыў па праграміраванні. Папулярны сярод хлопцаў і мотагурток, ён і надалей будзе працаваць. Перавага ж будзе аддавацца турыстычнаму накірунку. У гуртку “Музейная справа” будуць рыхтаваць юных экскурсаводаў. У верасні маленькіх чакаюць у “Школе ранняга развіцця”.
І гэта толькі невялікая частка таго, што прапануе сваім наведвальнікам ЦДМ у новым навучальным годзе. Хутка на базе Віцебскай вобласці пройдзе тыдзень дадатковай адукацыі. Сваю установу будуць прэзентаваць і педагогі раённага ЦДМ. А яшчэ гэта цудоўная магчымасць абмяняцца вопытам з калегамі, а значыць, з’явяцца новыя ідэі таго, як спалучыць асноўную і дадатковую адукацыю, разнастаіць адпачынак дзяцей.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *