IMG_6276 (Small)

У добры шлях, педагогі

Общество

IMG_6276 (Small)Жнівеньская педагагічная канферэнцыя стала традыцыйнай формай абмеркавання перспектыў развіцця адукацыі раёна, дэманстрацыяй дасягненняў, прадвеснікам надыходу чарговага навучальнага года. Вось і ў мінулы аўторак людзі, якія абралі для сябе высакародную місію — дарыць веды, выхоўваць і аберагаць дзяцей, сабраліся ў раённым Доме культуры на сваю нараду.
Пра тое, якая значная ўвага надаецца ў раёне адукацыі дзяцей, як фундаменту для развіцця будучай асобы, ведаюць усе. Таму з цікавасцю наведалі канферэнцыю і прадстаўнікі ўлады. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Шматаў і яго намеснік Іна Лысенка яшчэ да пачатку афіцыйнай часткі падрабязна азнаёміліся з матэрыяламі выстаў метадычных і творчых работ педагогаў і навучэнцаў школ раёна. Гэты год аб’яўлены ў краіне Годам беражлівасці, таму ў асноўным многія ўстановы адукацыі сёлета свае ідэі рэалізоўвалі менавіта ў гэтым накірунку, распрацоўвалі планы па зберажэнні. У адных гэта энергазберажэнне, у іншых планы па рацыянальным выкарыстанні адыходаў, водных рэсурсаў. Так, Відзаўская школа працуе над аднаўленнем лесу, Дрысвяцкая ў накірунку захавання прыродных рэсурсаў. А вось Кансталінская школа і ўвогуле вывучае магчымасць і рэнтабельнасць утылізацыі адыходаў свінагадоўчага комплексу СВК “Маяк Браслаўскі” з дапамогай біягазавай устаноўкі. Запрошаныя госці падышлі да кожнай прэзентацыі, цікавіліся напрацоўкамі, а напрыканцы адзначылі значныя дасягненні і высокі патэнцыял школ.
Такія дасягненні яскрава сведчаць пра тое, што рэгіянальная адукацыя з кожным годам мяняецца. Калі раней яе задачай было толькі вучыць і выхоўваць дзяцей, то зараз школы становяцца цэнтрамі навуковай дзейнасці і новых распрацовак. Пакрэсліў гэта на пачатку свайго выступлення і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч.
Увогуле ж Іван Антонавіч прааналізаваў вынікі мінулага навучальнага года і акрэсліў задачы на перспектыву, падрабязна спыніўся на задачах па павышэнні якасці адукацыі з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Размова ішла і пра поспехі, і праблемы, над вырашэннем якіх неабходна працаваць.
У мінулым навучальным годзе для дзяцей былі створаны ўсе неабходныя ўмовы: арганізаваны падвоз з аддаленых населеных пунктаў да школ і садкоў, 99,9% былі ахоплены гарачым харчаваннем, для іх ладзіліся розныя па накіраванасці гурткі, 57 лагераў аздаравілі 1391 вучня. Працавалі таксама 179 факультатываў, якія наведалі 2710 вучняў. Адным словам, створаны ўсе ўмовы, каб добра вучыцца і развівацца. І гэта прыносіла паспяховыя вынікі. З 243 выпускнікоў 11 класаў 8 сталі медалістамі, 81 атрымаў пахвальныя лісты. Дзеці нядрэнна праявілі сябе не толькі на раённых, але і абласных алімпіядах, адкуль вярнуліся з 4 дыпломамі. І тут дастойныя пераймання прыклады гімназіі, СШ№1, Слабодкаўскай і Грытунскай школ.
Удзельнікаў нарады павітаў і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён зазначыў, што адукацыя – паказчык развіцця грамадства. І агучаныя на канферэнцыі вынікі яшчэ раз даказваюць, што няма ў нашым раёне раўнадушных педагогаў, яны годна спраўляюцца з сур’ёзнай задачай — рыхтаваць падрастаючае пакаленне да дарослага свядомага жыцця, выбару прафесіі, несці адказнасць перад будучай сям’ёй, грамадствам.
Пра поспехі адукацыйнай работы аддзела сведчаць прызавыя месцы, якія займаюць нашы школьнікі ў розных алімпіядах і конкурсах. Але гэта было б немагчыма без вопытных педагогаў. Лепшыя з іх у гэты дзень былі адзначаны ганаровымі граматамі райвыканкама. Яны ж могуць служыць прыкладам адданасці выбранай прафесіі маладому пакаленню педагогаў.
Кожны год педагагічную сям’ю нашага раёна папаўняюць маладыя спецыялісты. Іх на гэты раз 10 — энергічных, крэатыўных, творчых. Радуе, што сярод тых, хто першы раз увойдзе ў сцены школы ў новым статусе, ёсць і юнакі, якіх сёння так не хапае ў адукацыі.
Не без хвалявання маладыя настаўнікі падымаліся на сцэну, атрымлівалі свае першыя кветкі і падарункі – восеньскія дрэвы шчасця, як сімвал дабрабыту. Удумліва лавілі яны і кожнае слова наказу вопытнага педагога Ахрэмаўскай школы Марыі Лашковай. Яна ж пасвяціла маладое папаўненне ў настаўнікі і пажадала ім шчаслівага шляху ў прафесіі.
Пасля канферэнцыі ў размове маладыя спецыялісты падзяліліся сваімі спадзяваннямі на тое, што першы навучальны год будзе выдатным.
– Я скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, сама браслаўчанка, таму задаволена, што па размеркаванні трапіла ў родны горад, – дзеліцца Настасся Якубовіч. – Выкладаць англійскую мову буду ў гімназіі, дарэчы, гэта мая родная навучальная ўстанова. Мне цікавы і мой прадмет, і прафесія, таму спадзяюся, што спраўлюся і стану добрым спецыялістам, такім, як педагогі, у якіх я калісьці вучылася.
– Я таксама вярнуўся ў свой родны раён, – расказвае Аляксандр Шыхаў. – Скончыў Мінскі лінгвістычна-гуманітарны каледж. Маім першым месцам працы стане Опсаўская школа. Там буду выкладаць замежную мову. Я задаволены тым, што трапіў менавіта сюды. Пачатку навучальнага года чакаю з нецярпеннем, хочацца хутчэй перадаць свае веды дзецям. Лічу, што дзецям павінна быць цікава на ўроках, таму пастараюся, каб мае былі менавіта такімі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.