Свет іх захапленняў

Актуальное

IMG_5258 (Medium)Жыццё таленавітага чалавека заўсёды насычана ідэямі, прыгажосцю і фантазіяй. А калі таленты сыходзяцца разам і ствараюць сямейны тандэм, жыццё насычаецца ў два разы больш. Андрэй і Аксана Гурынавы менавіта такія, бо кожны мае свой любімы занятак, і ў сваіх дзяцях з ранняга ўзросту развіваюць і падтрымліваюць творчыя схільнасці.
Андрэй, сын ваеннага, нарадзіўся ў Архангельску. Пасля звальнення бацькі са службы сям’я выбрала для свайго месцажыхарства Беларусь. Так пяцігадовы хлопчык набыў другую радзіму і ніколькі не шкадуе.
«У дзяцінстве я займаўся выпальванем на фанеры, ляпіў з гліны розныя фігуркі, — успамінае Андрэй.— Паколькі з цацкамі ў тыя часы было цяжка, сам выпільваў з дрэва пісталеты і ружжы. Ды і наогул быў завадзілам сярод сваіх сяброў, бо да сённяшняга часу не разумею, як гэта бадзяцца без справы.»
А ў гэты час ужо падрастала маленькая Аксана, але да лёсавызначальнай сустрэчы было яшчэ далёка.
Дзяўчынка таксама нарадзілася далёка адсюль — у сонечным Казахстане. Але яшчэ гадавалым дзіцяці апынулася на Браслаўшчыне — радзіме свайго бацькі.
З дзяцінства дзяўчынка любіла шыць і вязаць, гэтаму майстэрству яна навучылася ў сваёй маці, а ў школьныя гады з задавальненнем наведвала гурток «Умелыя ручкі» пад кіраўніцтвам Юліі Аліхвер, якую і сёння ўспамінае з вялікай удзячнасцю.
Так і жылі Аксана і Андрэй па волі лёсу ў адным горадзе. З розніцай ва ўзросце ў пяць гадоў хадзілі ў адзін і той жа дзіцячы садзік, у адну і тую ж школу. Пакуль іх сцежкі не перасякліся.
Андрэй на той час скончыў Мінскі радыётэхнічны каледж, аддаў доўг радзіме і працаваў у аддзяленні Беларусбанка праграмістам. Аксана вучылася ў 10 класе. А сустрэліся маладыя людзі у дзень нараджэння Андрэя. Сустрэліся і больш не рассталіся.
Калі Аксана скончыла школу, згулялі вяселле. Праз некаторы час у маладой пары на свет з’явілася дачушка Настасся. Маладая маці зноў узялася за нітку з іголкай і шыла прыгожае адзенне ўжо для сваёй маленькай дачушкі. Праз пяць гадоў нарадзіўся сын Сяргей. Бацькі імкнуцца ствараць усе ўмовы для шчаслівага дзяцінства.
«Мы ніколі не забаранялі дзецям маляваць на сценах, — дзеліцца сваімі метадамі выхавання Аксана, — заўсёды знаходзім час выслухаць гісторыі сына, падтрымліваем жаданне займацца разнастайнай творчасцю.»
Доказам гэтаму служыць прыгожы казачны малюнак на сцяне аднаго з пакояў новай кватэры, які дзеці намалявалі разам з бацькам. Колькі радасці, задавальнення свяцілася ў іх вачах, калі яны паказвалі мне сваю цудоўную краіну.
Заняцца бісерапляценнем Аксану падштурхнула дачка Насця.
» Як гэта робіцца, я не ведала і таму звярнулася да інтэрнэта, — расказвае жанчына. — Зайшла на спецыяльны сайт і засталася там жыць.»
Спачатку гэта былі простыя вырабы, чужыя схемы. З цягам часу Аксана ўдасканальвала сваё майстэрства, брала ўрокі ў лепшых майстроў Масквы і Пецярбурга. Сёння яе эксклюзіўныя ўпрыгажэнні можна ўбачыць на руках і шыі модніц не толькі Беларусі, а і Латвіі, Літвы, Расіі, Польшчы, Амерыкі.
Радам з ложкам рукадзельніцы заўсёды ляжыць сшытак і аловак.
» Бывае лягу спаць, — расказвае майстрыха, — і раптам бачу малюнак вырабу, тут жа яго пераношу ў сшытак.»
Бісер, камяні і пацеркі для сваіх упрыгажэнняў майстрыха заказвае па інтэрнэце, бо яе вырабы з японскіх і італьянскіх матэрыялаў.
Яшчэ Аксана авалодала тэхнікай дэкупажа — упрыгожання прадмета з дапамогай папяровых сурвэтак, фарбаў і клею. Гэтаму майстэрству вучыцца і дачка Насця, і, зробленыя яе рукамі талеркі-карціны, упрыгожваюць кухню. А нядаўна Аксана пачала пісаць вершы, якія, па яе словах, нараджаюцца зусім раптоўна, і пры гэтым паспявае завочна вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Ды і Андрэй не адстае ад сваёй таленавітай жонкі. У 2008 годзе, калі быў у водпуску, літаральна за два тыдні напісаў фантастычную аповесць. Па словах аўтара, спаў ён толькі па дзве гадзіны. Потым на свет з’явіліся яшчэ сем кніг. На жаль, пакуль іх могуць прачытаць толькі знаёмыя, бо грошай на выданне гэтых твораў у сям’і няма. Будзем спадзявацца, што абавязкова знойдзецца чалавек, які дапаможа, і кнігі ўбачаць свет.
Творчая натура Андрэя знайшла сябе і ў стварэнні прыгожых і таямнічых замкаў, утульных дамоў, святых храмаў з маленькіх камянёў. Трэба адзначыць, што вырабаў такой тэхнікі ў свеце вельмі мала. І мужчыне даводзілася самому знаходзіць вырашэнні ў мадэрнізацыі сваіх вырабаў. Спачатку Андрэй выкарыстоўваў пластылін, а зараз гэта палімерная гліна. А яшчэ з-пад яго ўмелых рук з’яўляюцца мадэлі з дрэва.
Ідучы дадому, я думала пра тое, як ім усім пашанцавала: Андрэю і Аксане ў тым, што яны сустэліся і даюць магчымасць адзін аднаму займацца любімай справай, Насці і Сяргею — што ў іх такія апантаныя творчасцю бацькі, якія дораць дзецям цудоўны свет дзяцінства.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *