IMG_5477 (Small)

Супрацоўніцтва на карысць людзям з абмежаванымі магчымасцямі

Общество

IMG_5477 (Small)На мінулым тыдні наш Браслаў наведалі замежныя госці — каардынатары беларуска-шведскага праекта па сацыяльнай інтэграцыі дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскай вобласці, які рэалізуецца нашым рэгіёнам і шведскім Хальмстадам з 2005 года. Галоўныя задачы праекта — змяненне адносін грамадства да дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, паляпшэнне якасці іх жыцця, стварэнне бесперашкоднага доступу да аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры.
На браслаўскай зямлі дэлегацыю, якую суправаджалі прадстаўнікі камітэта па працы, занятасці, сацыяльнай абароны насельніцтва аблвыканкама, сустракалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская і намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. У сваім прывітальным слове Ніна Антонаўна пазнаёміла гасцей з гістарычным і культурным багаццем нашага краю, сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёну. У канцы свайго выступлення яна выказала спадзяванне, што гэта сустрэча толькі пачатак далейшага супрацоўніцтва і запрасіла шведскую дэлегацыю наведаць наш край яшчэ раз.
Затым госці праглядзелі фільм «Браслаў — край блакітных азёр і накіраваліся ў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Каля ўваходу паважаных гасцей з хлебам — соллю сустракалі наведвальнікі цэнтра, чым прыемна здзівілі шведскую дэлегацыю. Дырэктар цэнтра Вольга Вялічка пазнаёміла прысутных з метадамі і формамі работы з інвалідамі, паказала, якія створаны ўмовы для развіцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З шчырым захапленнем рабочая група разглядала прыгожыя вырабы і малюнкі, створаныя ўласнымі рукамі наведвальнікаў цэнтра. У цёплай абстаноўцы прайшоў невялічкі канцэрт.
Шведскі бок адзначыў, што ў нас ёсць чаму павучыцца. Напрыклад, у нашых тэрытарыяльных цэнтрах спецыялісты, як правіла, з вышэйшай адукацыяй, і яны літаральна жывуць праблемамі сваіх падапечных.
Далей уся група накіравалася ў музей традыцыйных рамёстваў, дзе замежныя госці ўпершыню з задавальненнем слухалі беларускую музыку, частаваліся традыцыйнымі стравамі. Уразілі іх і нацыянальныя паясы, вырабы з дрэва, саломы, гліны нашых майстроў. З энтузіязмам пад кіраўніцтвам Элы Зінкевіч прадстаўнікі дэлегацыі вырабілі з саломы птушку-шчасця, якая «паляціць» у Швецыю.
Не засталіся госці абыякавымі і да нашай прыроды. Безумоўна, колькасць азёр, лясоў, іх прыгажосць і чысціня ўразілі гасцей.
Старшыня камітэта па сацыяльнай ахове муніцыпалітэта Хальмстада Ханс-Йорган Вальхэд падкрэсліў, што ў Віцебскай вобласці праводзіцца значная работа па стварэнні бесперашкоднага асяроддзя для інвалідаў, адзначыў станоўчую работу аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў, арганізацыю ў іх гурткоў і клубаў па розных накірунках, удзел у якіх дазваляе людзям з абмежаванымі магчымасцямі развівацца і адчуваць сябе роўнымі членамі грамадства, і дадаў, што праект будзе прадоўжаны і ў наступным годзе.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.