IMG_5257 (Small)

Самая патрэбная прафесія

Люди

IMG_5257 (Small)Дынастыя. Прыгожае слова, якое абазначае шэраг пакаленняў людзей, што з роду ў род перадаюць сваё прафесійнае майстэрства.
Першым з сям’і Кавалеўскіх асвоіў вечную, як свет, прафесію будаўніка Уладімір Іосіфавіч. У тыя далёкія часы ён будаваў дамы заможным гаспадарам, адміністрацыйныя будынкі і першую ў нашым краі чыгуначную дарогу Друя — Дукштас.
Размовы ў хаце пра чыгунку выклікалі цікавасць да прафесіі будаўніка і вызначылі далейшы лёс сына Івана, які пасля заканчэння 7 класаў Опсаўскай школы, паступіў у Друйскі будаўнічы тэхнікум, дзе чатыры гады вывучаў усе тонкасці сваёй будучай прафесіі. Пасля яго заканчэння маладога спецыяліста накіравалі ў райвыканкам тэхнікам па будаўніцтве ў калгасах.
«На той час мне было ўсяго 20 гадоў, — успамінае Іван Уладзіміравіч, — а на мае плечы лёг кантроль за будаўніцтвам ва ўсіх калгасах раёна. Безумоўна, працаваць было складана, ды і адказнасць вялікая. Але ў маладосці ўсе цяжкасці здаюцца мізэрнымі».
Потым па волі лёсу разам з жонкай і сынам Іван Уладзіміравіч некалькі гадоў будаваў жыллё ў Эстоніі.
Але, як кажуць, чужына — мачаха, а радзіма — маці. Таму ў 1968 годзе сям’я вярнулася на Браслаўшчыну, дзе І. Кавалеўскага чакалі сур’ёзныя задачы. Уладкаваўся Іван Уладзіміравіч старшым прарабам у ПМК-34.
Выдатны работнік, майстар сваёй справы, разумны спецыяліст І. Кавалеўскі з цягам часу падняўся па службовай лесвіцы да начальніка ПМК-145. Пад яго кіраўніцтвам было пабудавана шмат сацыяльна значных аб’ектаў у раёне: будынак ільнозавода, станцыя тэхабслугоўвання ў Ахрэмаўцах, каналізацыйна-ачышчальнае збудаванне, Відзаўскае і Друйскае СПТВ, РДК, жылыя дамы і іншыя. Але самым яскравым успамінам засталося будаўніцтва воданапорнай вежы.
«На вежу вышынёй 30 м, — расказвае Іван Уладзіміравіч, — трэба было устанавіць вялікі бак, але пакуль яго падымалі, трасамі ад крана пашкодзілі абшыўку. Паколькі я не меў права каго-небудзь паслаць на вышыню, зрабіў гэта сам. Безумоўна, было і страшна , і складана, бо люльку, у ягой я знаходзіўся, раскачвала ва ўсе бакі. Але ўсё скончылася добра».
Потым ужо ў якасці старшага прараба МПМК-19 працаваў на аб’ектах бальнічнага комплексу, гімназіі, жылля на сяле.
Ды і на пенсіі вопытны будаўнік заўсёды знаходзіць для сябе занятак каля дома.
Справу дзеда і бацькі працягвае старэйшы сын Уладзімір, які пасля заканчэння Наваполацкага політэхнічнага інстытута ўладкаваўся майстрам у МПМК-145. Першым аб’ектам для маладога спецыяліста стаў цялятнік у в. Дрысвяты.
«Хоць і меў за плячамі тэарэтычныя веды, — успамінае першы год работы Уладзімір, — але практычных навыкаў не хапала».
Таму ўнікаць у нюансы будаўнічай справы дапамагалі вопытныя калегі — галоўны інжынер А. Юркевіч, начальнік вытворчага тэхнічнага аддзела І.Ласкевіч, прараб В.Лукашонак, І Якушэвіч, К. Хамянок. Потым быў свінакомплекс «Маяк», жылыя дамы ў Пагошчы.
«Працы ў тыя гады хапала, — расказвае У.Кавалеўскі, — бо аб’ектаў будавалася шмат, і ў аднаго майстра было іх па некалькі. Але праца прыносіла задавальненне. Прыемна палюбавацца на вынік, на тое, што зроблена сваімі рукамі».
За трыццаць гадоў работы многае пабудавана і рэканструіравана Уладзімірам Іванавічам.
Сёння ён ўзначальвае вытворчы тэхнічны аддзел у ПМК-42. Безумоўна, арганізацыя перажывае не лепшыя часы, але У.Кавалеўскі сустракае свята з добрым настроем, бо ўпэўнены, што наперадзе яшчэ не адна новабудоўля, а значыць, будзе магчымасць займацца любімай справай.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.