Расслабляцца некалі

Актуальное

IMG_6249 (Small)Надвор’е сёлета не – не ды падносіць сюрпрызы хлебаробам. Але яны не прывыклі скардзіцца, разумеюць, што трэба пасеяць, убраць збожжавыя ў найлепшыя тэрміны і з найменшымі стратамі, каб атрымаць добры ўраджай. Вось і пры сустрэчы ў мінулую пятніцу з дырэктарам ААТ “Альшанка” Паўлам Багародзем не пачула ніводнага слова пра тое, што на не надта высокую ўраджайнасць сур’ёзным чынам паўплывала толькі нябесная канцылярыя.
— Недзе самі недапрацавалі, нешта ўпусцілі, таму і хваліцца вынікамі не вельмі хочацца, — сказаў Павел Вітольдавіч. – Аднак людзі нашы, як заўсёды, папрацавалі вельмі плённа. У спрыяльныя дні і з уключанымі фарамі ўбіралі хлеб. Не хацелася ўпускаць ніводнай хвіліны. У час жніва нашы механізатары і вадзіцелі працуюць з падвоенай адказнасцю і стараннасцю. Да таго ж ёсць магчымасць добра зарабіць.
Пра стымуляванне плённай працы загадзя паклапаціліся спецыялісты гаспадаркі. Яны распрацавалі цэлую схему аплаты. За кожную намалочаную звыш устаноўленай нормы тону на пэўную марку камбайна расцэнкі павялічваюцца на 30%. У асобныя дні заробак некаторых камбайнераў даходзіў да 500 тысяч рублёў. І калі ў час нарыхтоўкі кармоў сярэдняя заработная плата складала 3 – 5 млн. рублёў, то за час уборкі многія атрымаюць па 5 – 6 млн. руб., магчыма, і больш.
У перадавіках сёлетняга жніва Валерый Руткоўскі, на адвозцы зерня – Віталь Чумік, які з’яўляецца лідарам раённага спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў. Усяго на збожжавай ніве працавалі шэсць камбайнаў. За іх штурваламі пяць механізатараў ААТ і вадзіцель Плюскай СШ Станіслаў Гродзь, які ўжо не першы год дапамагае ўбіраць хлеб.
У эксплуатацыі ўсе шэсць камбайнаў не больш за два – тры гады. Аднак, як зазначыў П. Багародзь, у іх рамонт у гэтым годзе ўкладзена нямала сродкаў – каля 250 млн. руб. Таму сур’ёзных паломак удалося пазбегнуць.
Тэхніку, каб лішні раз не ганяць на вялікія адлегласці, пакідалі пад аховай у полі.
Збожжавы клін гаспадаркі ў гэтым годзе не карэкціравалі. Ён складае, як і летась, 1496 гектараў. Найбольш важкі колас вырас на ўчастках, дзе былі пасеяны яравыя пшаніца і авёс. Горш урадзілі азімыя жыта і трыцікале, з зімоўкі яны выйшлі зрэджанымі. Частку азімых вясной давялося перасяваць.
За апошнія некалькі гадоў было закуплена нямала элітнага насення. Сёлета ў асноўным заклалі свой насенны матэрыял высокіх рэпрадукцый.
Работы на збожжавай ніве ААТ “Альшанка” ў дзень майго наведвання, па словах дырэктара, заставалася не больш чым на тры дні. Тым часам не сядзелі без справы, пачалі ўбіраць кукурузу. Яе 350 гектараў, і вырасла добрая. Але Павел Вітольдавіч пажартаваў: “Не зразумела толькі, хто паспее ўбраць яе хутчэй, мы ці дзікі”.
Лета заканчваецца. Праўда, у сельскіх працаўнікоў работы менш не становіцца. Нездарма ж кажуць, што ўвосень работ восем. Вось і ў “Альшанцы” расслабляцца не збіраюцца.
Зінаіда Палулех.

На здымку: Пётр Юркевіч, які ў гэтыя дні ўбірае кукурузу.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *