Простая арыфметыка, або Колькі каштуе сабрацца ў школу

Актуальное

портфель 2 (1)Яшчэ некалькі тыдняў, і школьнікі сядуць за парты. А пакуль яны бесклапотна адпачываюць, іх бацькі мітусяцца ў пошуках усяго патрэбнага свайму любімаму дзіцяці да новага навучальнага года. Касцюмы, канцылярскія тавары, абутак… пры гэтым выбраць хочацца самае лепшае і якаснае. Многія паклапаціліся загадзя і ўжо набылі ўсё да школы. Тыя ж, хто не паспеў, спадзяюцца прыдбаць неабходнае да канца жніўня.
Міністэрства гандлю ў сваю чаргу называе канкрэтную лічбу: на ўсё пра ўсё да школы трэба выдзеліць з сямейнага бюджэту ад 860 тысяч рублёў да 4 млн. 280 тысяч рублёў. Лічба, сапраўды значная, і ў параўнанні з мінулым годам яна вырасла на 10-30%. Да прыкладу, на вучня малодшых класаў давядзецца патраціць ад 860 тысяч да 3 млн. 600 тысяч рублёў, сабраць старшакласніка ў школу будзе каштаваць даражэй – ад 1 млн. 60 тысяч да 4 млн. 280 тысяч. Пры гэтым большая частка гэтай сумы пойдзе на адзенне і абутак.
А як жа з выбарам і коштам у нашым горадзе? Адказ на гэта пытанне я накіравалася шукаць у гандлёвыя кропкі і на рынак. Спачатку зазірнула ва ўнівермаг “Брас”, куды ў першую чаргу ідуць бацькі. Асартымент за некалькі тыдняў да першага званка, пакуль, не парадаваў. Бацькі праходзілі паміж радамі і з сумнымі вачамі пакідалі ўнівермаг: выбару амаль няма. Я ж пацікавілася ў прадаўца, у чым справа. Яна ветліва патлумачыла, што дрэнна працуюць пастаўшчыкі. Зараз тут дэфіцыт школьных і спартыўных касцюмаў, ды і з абутку не надта што ёсць выбраць.
Ва ўнівермагу мне таксама расказалі, што многія бацькі ўжо загадзя паклапаціліся пра ўсё неабходнае і зараз дакупляюць апошнія рэчы. Таму асартымент не такі і багаты. Поўнасцю забяспечаны тут канцылярскімі таварамі, на ўра ідуць ранцы і партфелі. Прадаўцы ж яшчэ абяцаюць, што з дня на дзень чакаюць паступленне адзення ад фірм “Бель Бімба” і “Купалінка”, а таксама спартыўны абутак.
Заўважыўшы заклапочаную маці, якая выбірала дачцэ абноўкі да школы, пацікавілася ў яе, дзе плануюць набываць неабходнае.
– Канцылярскія тавары мы набылі яшчэ ў чэрвені, бо выкласці вялікую суму за ўсе школьныя рэчы і адзенне для нашай сям’і складана, — патлумачыла жанчына. – А пакупку школьнай і спартыўнай формы адклалі да жніўня. А зараз бачу, што дарэмна. Выбару ў нашым горадзе амаль няма, з чым гэта звязана, не ведаю. Сёння ва ўнівермагу набыла сваёй школьніцы кашулю і туфлі, за астатнім, магчыма, прыйдзецца ехаць у Паставы ці Полацк.
Што датычыцца гарадскога рынку, то тут шмат канцылярскіх тавараў на любы густ і суму. Дарэчы, тут кожны дзень працуе палатка райпа, але выбар у ёй не надта багаты. Магчыма на рынку набыць і абутак хоць, не заўсёды якасны. У нядзелю сярод гандлёвых радоў заўважыла і школьную форму. Кошт яе такі ж як і ва ўнівермагу, толькі выбар багацейшы.
Дарэчы, трэба звярнуцца і да цэн, на якія я звярнула ўвагу ва ўнівермагу. Кошт касцюмаў для хлопчыкаў вагаецца ад 400 да 600 тысяч рублёў. Да гэтага яшчэ трэба дадаць кашулю за 80-150 тысяч. І вось толькі на форму ў бацькоў пойдзе круглая сума. Праўда, зусім здзівіла аднастайная шэра-чорная гама касцюмаў. Як мне здаецца, акрамя якасці, павінна быць яшчэ і прыгажосць. А ў школьнай формы айчынных вытворцаў эстэтычны бок дзесьці губляецца. З дзяўчынкамі прасцей. Ім магчыма асобна набыць пінжак са спадніцай, сарафан, камізэльку і разнастаіць каляровую гаму. А вось што датычыцца сумы, то за касцюм прыйдзецца аддаць ад 150 да 350 тысяч, за сарафан каля 200 тысяч, прыкладна столькі ж каштуе кашуля на маленькую модніцу.
Палічылі, колькі прыкладна патрэбна на адну толькі форму? А яшчэ дадайце да гэтага спартыўны касцюм (каля 200 тысяч), абутак: спартыўны (110-400) і не толькі (250-500). Не трэба забываць пра ранцы і партфелі (250-300 тысяч рублёў). Да спісу яшчэ дадайце алоўкі, ручкі, сшыткі, іншыя канцылярскія дробязі. І вось яшчэ прыкладна самы танны набор абыдзецца прыкладна ў 300 тысяч рублёў.
Вось і атрымліваецца простая арыфметыка і тыя лічбы, якія агучыла Міністэрства гандлю. Дарэчы, хто яшчэ не паспеў сабраць дзіця ў школу, можа гэта зрабіць. Школьныя кірмашы будуць працаваць па ўсёй вобласці. У Браславе яны адбудуцца 17 і 24 жніўня. Асартымент абяцае быць шырокім, а кошт – розным.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *