IMG_5278 (Small)

Паштовы сэрвіс крочыць у ногу з часам

Актуальное

IMG_5278 (Small)Праз Браслаўскае аддзяленне РВПС “Белпошта” ў мінулым годзе прайшло 389 тысяч 869 лістоў і 4 тысяч 621 пасылак. Да адрасатаў весткі ад родных і знаёмых ехалі не толькі з розных куткоў нашай краіны, але ляцелі самалётамі і дастаўляліся на цягніках з Амерыкі, Ізраіля, Кітая, Францыі і іншых заморскіх краін. Дарэчы, з аддзяленняў “Белпошты” можна адпраўляць пасылкі больш чым ў 200 краін свету – ад Грэнландыі да Аўстраліі.
Што хаваецца ў паштовых кардонных скрынках і пластыкавых пакетах? Як з дапамогай сістэмы IPS прасачыць увесь шлях сваёй пасылкі ў рэжыме рэальнага часу? І якія яшчэ паслугі аказвае насельніцтву наша пошта, карэспандэнт газеты даведалася ў намесніка начальніка Браслаўскага РВПС Віцебскага філіяла РВП «Белпошта» Алы Комар.
— Ала Мар’янаўна, якія існуюць умовы адпраўлення пасылак?
— Калі гэта міжнародная пасылка, то прыйдзецца заплаціць за саму адпраўку і за вагу пасылкі. Калі перасылаеце каштоўныя рэчы і хвалюецеся за іх захаванасць, можна аформіць пасылку як “адпраўленне з абвешчанай каштоўнасцю”. Тут бярэцца дадатковая плата ў памеры 3% ад сумы абвешчанай каштоўнасці.
Ломкія і грувасткія рэчы пацягнуць за сабой дадатковую плату ў памеры 50% асноўнага тарыфу.
Плата за ўнутрырэспубліканскія паштовыя адпраўленні залежыць ад вагі, сумы абвешчанай каштоўнасці і тэрытарыяльнай прыналежнасці.
— Адкрыйце, калі ласка, сакрэт: што ў асноўным перасылаюць поштай?
— Зараз заказваюць шмат тавараў у інтэрнэт-магазінах, у тым ліку і замежных: адзенне, абутак, посуд, запчасткі для аўтамабіляў. Ідуць пасылкамі і падарункі ад сваякоў з-за мяжы, саджанцы дрэў, санкі, веласіпеды, важныя дакументы. Людзі перасылаюць самыя разнастайныя рэчы.
— Чаго ў пасылцы не павінна быць ні ў якім разе?
— У кожнай краіны свой спіс забароненых рэчаў. Да нас, напрыклад, можна дасылаць усё, што душа жадае, акрамя алкаголю, тытунёвых вырабаў і курыльных сумесей, каштоўных камянёў, культурных каштоўнасцей, любых відаў зброі і іх частак, радыеактыўных матэрыялаў, тавараў, якія хутка псуюцца, наркатычных сродкаў і некаторых іншых тавараў.
— Ала Мар’янаўна, калі я, напрыклад, атрымаю пасылку з-за мяжы, ці прыйдзецца плаціць пошліну?
— Цяпер, калі кошт пасылкі будзе перавышаць 120 еўра, то яна абкладаецца пошлінай у 30% ад кошту, альбо ў 4 еўра за кожны кілаграм змесціва пасылкі. Старайцеся, каб на працягу аднаго каляндарнага месяца на ваша імя прыходзілі пасылкі агульным коштам не больш за 120 еўра, тады не трэба пераплачваць.
— Раскажыце, як хутка пасылкі знаходзяць сваіх адрасатаў.
— Дастаўка міжнародных паштовых адпраўленняў у многім залежыць ад работы мытні. Пасылкі ж унутры краіны хутка прыбываюць да месца назначэння. Напрыклад, днём з пошты райцэнтра вы адпраўляеце бандэроль у Мінск, пасля абеду ў гэты дзень яе забярэ паштовая машына, што ідзе ў накірунку Мінска, і назаўтра пасылка ўжо будзе ў сталіцы.
Дарэчы, у раённым аддзяленні “Белпошты” з’явілася новая паслуга EMS – міжнародная паскораная пошта, пры якой паштовыя адпраўленні даходзяць да адрасата ў максімальна кароткія тэрміны. Напрыклад, пасылка ў Маскву можа дайсці за два — чатыры дні, у Вашынктон — за тры — чатыры. Праўда, гэта паслуга не з танных. Адпраўляючы пасылку вагой да 500 грамаў у тую ж сталіцу Расіі, прыйдзецца заплаціць 169.200 беларускіх рублёў. Паслугай EMS часцей карыстаюцца, калі адпраўляюць дзелавыя паперы, дакументы, падарункі.
Плюс да ўсяго існуе і сістэма IPS, якая дазваляе прасачыць за адпраўленымі міжнароднымі пасылкамі. Праз Інтэрнэт вы кожную хвіліну можаце бачыць месца знаходжання вашай пасылкі і так сачыць за ўсім яе шляхам, што называецца “ад парога да парога”.
З ліпеня з’явілася яшчэ адна паслуга — «перасылка заказнога ліста з удакладненнем спосабу дастаўкі», пры якой атрымацель сам указвае час дастаўкі.
— Ала Мар’янаўна, якія яшчэ паслугі насельніцтву аказвае наша пошта?
— У нас дзейнічае такая паслуга, як прамая паштовая рэклама. Яна ўяўляе сабой рассылку рэкламных паведамленняў па ўсёй Беларусі.
Пенсіянеры да 65 гадоў могуць аформіць крэдыт «Хуткія грошы» пад 38,5% гадавых, калі сума не перавышае 16 млн. рублёў, крэдыт афармляецца без даведкі аб даходах і паручыцеля.
У магізіне «Белпошта» вы можыце заказаць сабе мэблю беларускіх вытворцаў, якую даставяць вам на дом. Як бачыце, мы імкнёмся крочыць у ногу з часам, каб прадаставіць большы спектар паслуг насельніцтву.

Гутарыла Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.