IMG_5460 (Small)

Незагойная рана на сэрцы ветэрана

Власть и общество

IMG_5460 (Small)Да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Пятра Гаўрылавіча Чапкевіча я завітала напярэдадні яго 90-гадовага юбілею. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост і цяжар перажытага, юбіляр трымаецца бадзёра і ўспамінамі згадзіўся падзяліцца ахвотна.
Нарадзіўся ён у в.Кастрова, што зараз у Верхнядзвінскім раёне. Сям’я была вялікая, і з ранняга ўзросту бацькі прывучалі дзяцей да працы. Сам Пётр ужо ў 10 гадоў працаваў прыцэпшчыкам плугоў. Жылі небагата, але па-свойму былі шчаслівыя і радаваліся жыццю. А тут вайна…
Абараняць Радзіму ад акупантаў юнаку Пятру давялося амаль з першых дзён вайны, калі камсамольцам, у ліку якіх быў і Пётр, даручылі ахоўваць будынак мясцовага Савета дэпутатаў.
— У якасці зброі далі вілы, — успамінае Пётр Гаўрылавіч, — каб, значыць, на іх «саджаць» нямецкіх парашутыстаў, калі яны пасыплюцца з неба.
Але вёску хлопцы абаранялі нядоўга. Вораг хутка набліжаўся, і моладзь атрымала загад гнаць свойскую жывёлу ў глыб краіны. Затым Пётр апынуўся ў часці, якая адыходзіла на ўсход, але пры гэтым выкарыстоўвала ўсе магчымасці памацней «насаліць» ворагу.
Толькі ў красавіку 1942 года юнака абмундзіравалі і прыпісалі да 360-й дывізіі 4-й ударнай арміі, і ў складзе якой радавы Чапкевіч ваяваў да 1944 года.
За гэты час Пётр Гаўрылавіч на ўласных плячах перанёс пыл франтавых дарог, смерць таварышаў, пакутлівы голад, жудаснае чаканне блізкага бою, калі трымціць кожная жылка, страшэнны свіст куль над галавой, адсутнасць вады, бруднае адзенне, насычанае вашамі, цяжкія маральныя пакуты.
Не абмінула і яго варожая куля. Амаль паўгода салдат правёў у шпіталі на Урале, адтуль яго выпісалі без часткі лёгкага, двух рэбраў, а левая рука пасля ранення не згінаецца і цяпер. Далечвацца Пётр Гаўрылавіч адправіўся на сваю малую радзіму. Толькі вяртанне не прынесла чакаемай радасці. Па ўсёй Асвейшчыне з карнымі аперацыямі прайшліся фашысты. Не абмінула смерць і родных Пятра. Уцалелі толькі маленькія брат і сястра, якіх сваімі целамі закрылі дарослыя, калі іх расстрэльвалі ў зямлянцы.
Жаданне адпомсціць за смерць родных падштурхнула П.Чапкевіча, нягледзячы на цяжкае раненне, зноў прасіцца на фронт. Аднак трапіць туды ўжо не паспеў: свет святкаваў перамогу.
— Цяжка ўспамінаць вайну, — з вільготнымі вачамі ўздыхае ветэран, — але і забыць ніяк не магу. Кожную ноч у памяці ўсплываюць твары родных і блізкіх.
Да 1948 года Пётр Чапкевіч служыў у Оршы, адтуль быў пераведзены ў войска Міністэрства ўнутраных спраў. Працаваць папрасіўся на Браслаўшчыну, дзе ў сірочым доме жылі яго брат і сястра. Назначылі яго ўчастковым інспектарам у Плюсы. Неаднойчы давялося ўчастковаму сутыкацца з бандытамі, якія блукалі па наваколлі, шукаць дэзерціраў.
Потым лёс зрабіў яшчэ адзін круты паварот: пастановай райкама партыі Пётр Чапкевіч быў зацверджаны на пост старшыні праўлення калгаса імя Дзяржынскага. Гаспадаркай ён кіраваў умела і добрасумленна амаль 30 гадоў, пра што сведчаць тры Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР.
Імкліва праляцеў час. Зараз Пётр Гаўрылавіч жыве ў Браславе разам з сям’ёй малодшага сына. Ветэран як самы дарагі скарб захоўвае віншавальныя паштоўкі з пераможнымі святамі, газетныя выразкі і ўзнагароды, сярод якіх ордэн Айчыннай вайны І ступені, медалі Жукава і «За мужнасць». А сваё шчасце бачыць у дабрабыце дзяцей і унукаў, якія абавязкова збяруцца за святочным сталом, каб пажадаць роднаму бацьку і дзядулю бадзёрасці духу, добрага настрою і здароўя.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.