Не шкодзьце сабе і прыродзе

Актуальное

48_mainАсноўным патрабаваннем закона аб абарачэнні з адыходамі з’яўляецца забарона захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў, якія пасля іх збору могуць быць уцягнуты ў гаспадарчы абарот у якасці другаснай сыравіны і для выкарыстання якіх у краіне маюцца спецыяльныя аб’екты.
Сярод найбольш распаўсюджаных такіх адыходаў – лом чорных металаў, макулатура, ПЭТФ – бутэлькі, поліэтылен і іншыя віды пластмасы, зношаныя шыны, адпрацаваныя свінцовыя акумулятары, ртуцьутрымваючыя лямпы, тэкстыль. Аднак не ўсе іх віды актыўна збіраюць, хоць для гэтага і створаны неабходныя ўмовы.
Вось некалькі прыкладаў. Рашэннем Браслаўскага райвыканкама ў дзяржаўным прадпрыемстве “Браслаў-камунальнік” абсталяваны пункт часовага захоўвання ртуцьутрымліваючых адыходаў. Аднак на захоўванне люмінісцэнтных лямп не паступала. У магазіне “Тэхніка ў быце” Браслаўскага райпа ўстаноўлены кантэйнер для збору адпрацаваных батарэек, аднак колькасць іх там зусім нязначная.
На жаль, часцей за ўсё грамадзяне выкідваюць выкарыстаныя батарэйкі ў вядро для смецця, і яны разам з іншымі адыходамі вывозяцца на звалку. А там цяжкія металы трапляюць у глебу, грунтовыя воды ці паветра, калі звалка гарыць.
У батарэйках утрымліваюцца ртуць, нікель, кадмій, свінец, літый, марганец і цынк, якія маюць уласцівасць накаплівацца ў жывых арганізмах, у тым ліку і ў людзях. Таму нават невялікая іх колькасць небяспечная і наносіць вялікую шкоду здароўю.
Што трэба рабіць, каб такога не здарылася? Пры набыцці новага элемента сілкавання аддавайце перавагу акумулятарам. Яны больш эканамічныя і бяспечныя.
Не выкідвайце выкарыстаныя батарэйкі і акумулятары разам з астатнім смеццем. Збірайце іх і потым аднясіце ў спецыяльны кантэйнер. Прыкладзіце невялікія намаганні і тым самым дапаможаце зберагчы прыроду, а таксама не нашкодзіць здароўю.

Соф’я Александровіч,
вядучы спецыяліст
райінспекцыі ПРіАНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *