SAM_6092 (Small)

Маладое пакаленне за традыцыі

Международное сотрудничество

SAM_6092 (Small)Вопыт у рэалізацыі сумесных праектаў з рознымі міжнароднымі аб’яднаннямі ў Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі дастаткова багаты. Прыгадаць толькі мастацка-архітэктурны пленэр з нямецкай “КАЯй”. А нядаўна браслаўскія хлопцы і дзяўчаты прынялі ўдзел у праекце “Прыроднае і традыцыйнае багацце для маладога пакалення”.
Ён дастаткова цікавы, рэалізуецца не першы год і ахоплівае ўсе бакі захавання гістарычнай і культурнай спадчыны, папулярызацыі маладзёжнага супрацоўніцтва, умацоўвае рэгіянальныя сувязі, а таксама абагачае ведамі ў культурнай і эколага-асветніцкай галінах. Толькі ўдзельнікі ў ім кожны раз новыя. А сёлета на восем дзён 14 дзяцей, па сем з Літвы і Беларусі, якую, дарэчы, прадставілі браслаўчане, аб’ядналіся ў адзін творчы лагер. Поўныя ўражанняў і новых ведаў маладыя людзі вярнуліся дадому. А кіраўнік групы педагог ЦДМ Галіна Ставіцкая расказала пра прыгоды нашых дзяцей у Літве:
– Міжнародны маладзёжны лагер, з якога мы толькі прыехалі, меў перш за ўсё этнаграфічную накіраванасць. Таму з нашага боку ў ім прыняла ўдзел моладзь, якая цікавіцца і займаецца менавіта гэтым накірункам, наведвае гурток па кераміцы ў ЦДМ. Асноўнай мэтай было не проста прадставіць адзін аднаму сваю культуру і традыцыі, але параўнаць і знайсці аднолькавае і рознае ў іх, звярнуцца да агульнай гісторыі, і, безумоўна, наладзіць добрыя адносіны паміж моладдзю дзвюх краін.
Лагер наш размяшчаўся ў горадзе Мяркіне, што недалёка ад г. Друскінінкай. А называўся ён цікава і загадкава – “Гай аднарога”. І невыпадкова, бо на гербе горада красуецца менавіта гэтая жывёла, а жыве яна ў гаі, у якім шмат розных і непадобных дрэў. Так і мы, як дрэвы, розныя і непадобныя сабраліся ў адзін лагер.
Праграма была настолькі насычаная, што ўражанні кожны дзень перапаўнялі нас. Першапачаткова мы разам з літоўскімі сябрамі абмеркавалі мэты і задачы праекта і акрэслілі вынікі, якія жадаем атрымаць. На працягу 8 дзён з намі працавалі эксперты па кераміцы, ткацтве, прыродзе. А дзеці вучыліся традыцыйным рамёствам у сапраўдных майстроў, многія з якіх працуюць дынастыямі і перадаюць свае навыкі ад старога да малога. З задавальненнем падзяліліся яны імі і з намі.
Праграма ўключала ў сабе перш за ўсё майстар-класы па кераміцы, падчас якіх мы рыхтавалі матэрыял, ён праходзіў усе этапы апрацоўкі і станавіўся сапраўдным творам. А потым свае работы мы сабралі ў адным месцы. Таксама моладзь вучылася розным відам пляцення (з каранёў, трыснягу і інш.), засвойвала ткацтва, збірала розны прыродны матэрыял у лесе, а потым з яго спрабавала зрабіць нешта незвычайнае.
Заняткі былі разбаўлены цікавымі экскурсіямі. Мы наведалі старую пасеку і музей пчалярства, зазірнулі ў госці да бондара, для нас былі наладжаны экскурсіі па Дзукійскім нацыянальным парку, пабывалі мы на балотах, у інтэрактыўным экалагічным музеі, дзе экспанаты магчыма патрымаць у руках. Асабліва нам спадабалася ў гасцях у батаніка-энтузіяста. Ён на некалькіх гектарах высадзіў рэдкія і незвычайныя расліны, зрабіў там гнёзды для птушак, свой сапраўдны невялічкі рай. На прыродзе мы таксама правялі практычныя заняткі і нават паспрабавалі чай з дзікіх раслін.
Напрыканцы ж мы абмеркавалі вынікі праекта і прыйшлі да высновы, што ў нас усё ж такі больш агульнага ў культуры і традыцыях, чым рознага. А яшчэ дамовіліся супрацоўнічаць і ў будучым. Наша браслаўская моладзь зрабіла шмат сувеніраў сваімі рукамі, пазнаёмілася з традыцыямі літоўцаў, іх культурай, набыла новых сяброў і правяла час цікава і насычана. А на памяць пра сумесны праект у кожнага засталася майка з лагатыпам.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.