“Горка” па-беларуску

Актуальное

IMG_5553 (Large)Уступленне ў шлюб для кожнай маладой пары — падзея важная і знамянальная. Яе хочацца запомніць на многія гады самім маладажонам, іх бацькам, гасцям. Таму нярэдка, акрамя ўрачыстай рэгістрацыі ў ЗАГСе, вянчання ў храме, жаніх і нявеста жадаюць акунуцца ў атмасферу традыцый сваіх бацькоў і дзядоў, якую вось ужо на працягу чатырох гадоў дораць работнікі музея традыцыйнай культуры.
Папрасіць благаславення продкаў на шчаслівае сямейнае жыццё скарыстоўваюць многія наваспечаныя маладыя пары.
Абрадавае вяселле тут праводзяць у форме гульні – забавы. У мінулую суботу мне давялося стаць сведкай такога мерапрыемства.
На ўваходзе ў музей Юлію і Антона сустрэла ў нацыянальным беларускім адзенні Ларыса Дарафейчык. Яна ад усёй душы павіншавала маладых з уступленнем у шлюб, пажадала ім кахання, шчаслівага сумеснага жыцця. Маладыя ўвайшлі ў млын пад саматканым ручніком з выявай двух галубкоў і стаялі на ручніку, які са старадаўніх часоў служыў моцным абярэгам ад усяго злога і нежаданага.
Затым саміх віноўнікаў урачыстасці і іх гасцей чакала цікавае дзейства. Юліі і Антону паднеслі каравай, які лічыцца сімвалам багацця. Іх частавалі мёдам, каб жыццё было бязвоблачным і салодкім, а мядовы месяц цягнуўся як мага даўжэй. Не абышлося і без сувеніраў, кожны з якіх быў таксама сімвалічным. Дзве неразлучныя лялькі, чырвоныя паясы-абярэгі, гліняная рыбка на шчасце. У гліняным жбане змяшалі гарэлку, якую прынеслі бацькі маладых, і каб бліжэй паяднацца сем’ям, пусцілі гэты жбан па крузе. А затым вядучая запрасіла ўсіх пазнаёміцца з экспазіцыяй музея.
Можна было сфатаграфавацца на памяць, паспрабаваць свае здольнасці ў рукадзеллі. У цэнтры ўвагі кожнага дзейства былі менавіта маладыя. Яны і госці засталіся задаволены такім абрадам.

У час яго гучала цудоўная старадаўняя вясельная музыка.
Згадзіцеся, вяртанне да старажытных традыцый нашых продкаў з’яўляецца знакам добрага, вытанчанага густу. Тым больш, што шлюбныя традыцыі заўсёды падпарадкоўваюцца стылю часу і эпохі. Многія з нас памятаюць вяселлі ў палатках – шатрах, “камсамольскія”, была добрая мода і на “цвярозыя” вяселлі. Але заўсёды родныя і блізкія зычылі маладажонам сямейнага шчасця і доўгіх гадоў сумеснага жыцця, разумення, цярпення і ўзаемапавагі адзін да аднаго. А вясельны абрад, які прайшоў у каменных сценах старога млына ў Браславе, быў сапраўды прасякнуты таямнічасцю і даўнінай.
Такая паслуга работнікаў музея становіцца з кожным годам усё больш папулярнай. Летам і напачатку восені каля дваццаці пар жадаюць ёй скарыстацца. Каштуе яна па сённяшніх мерках нядорага, 390 тысяч рублёў. А вось уражанняў і ўспамінаў хапае пасля гэтага, згадзіцеся, надоўга. Пацвердзілі гэта госці Юліі і Антона Станкевічаў з Літвы, Брэста.
Як расказала начальнік аддзела ЗАГС Галіна Юрэнка, цяпер у нашым раёне адбываецца сапраўдны вясельны бум. Па суботах рэгіструюць па 6 – 7 пар. Тыя, хто не жадае аформіць свае адносіны ва ўрачыстай абстаноўцы, могуць зрабіць гэта ў любы будны дзень. Рэгіструюць шлюбы па аўторках, чацвяргах, пятніцах. Толькі ў аддзеле ЗАГС сёлета ўжо звязалі сябе вузамі Гіменея 89 пар, што значна больш, чым летась.
Дарэчы, як зазначыла Г. Юрэнка, цяпер у асноўным у шлюб уступаюць 25 – 26-гадовыя юнакі і дзяўчаты. Гэты адказны крок у сваім жыцці яны робяць больш асэнсавана. Большасць з маладых маюць адукацыю, добрую прафесію, нярэдка і жыллё.
Хочацца пажадаць усім маладым парам толькі шчаслівага сямейнага жыцця.
Даўгавечны шлюб многага варты.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *