Годна прадставілі Браслаўшчыну

Власть и общество

IMG_6320 (Small)Раніца. Першыя прамяні сонца не без цяжкасці прабіваюцца праз шчыльны жнівеньскі туман, які стаяў, здавалася, над усёй Полацкай нізінай. Шэлест колаў і гук рухавіка зліліся ў манатонны акампанімент, пад які гаспадыня спявала песні – рэпеціравала перад конкурсам візітных картак. Смачна пахла дамашняй выпечкай. Ужо вядомая чытачам нашай газеты сям’я Ванагаў з Далёкіх накіроўвалася на абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла 2013”. У вачах чыталася хваляванне, але ў той жа час позіркі казалі: “Мы шчыра рыхтаваліся, амаль не спалі апошнюю ноч, мы зможам…”
Сёлетні конкурс, які смела можна назваць святам, праходзіў на Шумілінскай зямлі – у гарадскім пасёлку Обаль. Дванаццаць маладых сельскіх сямей з’ехаліся сюды 29 жніўня з розных куточкаў Віцебшчыны, каб выявіць мацнейшага. Сваіх удзельнікаў прадставілі Лёзненскі, Гарадокскі, Шаркаўшчынскі, Верхнядзвінскі, Шумілінскі, Глыбоцкі, Чашнікскі, Сенненскі, Віцебскі, Полацкі і Ушацкі раёны. Гонар Браслаўшчыны абаранялі Юрый і Кацярына Ванагі з сынам Нікітам. Тое, што наперадзе сур’ёзная канкурэнцыя, стала зразумела задоўга да пачатку мерапрыемства. Расстаўленыя на пляцоўцы ля Обальскай школы панадворкі сямей-удзельніц былі адзін лепшы за другога. А некаторыя ўвогуле, здавалася, прывезлі з сабой увесь сельскі дом культуры, спусташыўшы перад гэтым фонды сваіх этнаграфічных музеяў.
Амаль адразу пасля ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства пачалася насычаная конкурсная праграма. Пакуль сталы ламіліся ад яшчэ цёплых страў, журы абышло ўсе панадворкі і ацаніла майстэрства і фантазію гаспадынь. Дарэчы, усе прысмакі можна было паспрабаваць і звычайным гледачам, якія, у сваю чаргу, мелі права аддаць свае галасы за спадабаўшуюся сям’ю.
Свае творчыя здольнасці ўдзельнікі праекта дэманстравалі падчас конкурсу “Вітаем па-беларуску!”. Гледачы пабачылі і спевы-танцы, і тэатралізаваныя пастаноўкі. Пачулі частушкі, вершы і нават рэп у выкананні старэйшага сына сям’і з Сенненшчыны.
Пасля ж спаборніцтвы разварочваліся на розных пляцоўках, дзе арганізатары прапанавалі сем’ям ужо вядомыя нам іспыты. Мужы запрагалі каня і вязалі бярозавыя венікі ў лазню, жонкі ж адпаведна коней распрагалі і прадстаўлялі на суд журы снапы, зробленыя і ўпрыгожаныя сваімі рукамі. Удваіх яны пілавалі, сяклі і складалі дровы. Збіралі і сарціравалі бульбу. Новым сёлета стаў конкурс ”Беларускія прысмакі”, у рамках якога гаспадары прама на месцы гатавалі дранікі.
Кім толькі не давялося стаць звычайным будаўніку і выхавацелю дзіцячага садка падчас самых разнастайных спаборніцтваў. Але нашы землякі не апусцілі рукі і годна прадставілі азёрны край. На іх рахунку ў выніку аказалася тры прызавых месцы. Другімі браслаўчане сталі ў конкурсе “Па дровы” і “Беларускія прысмакі”. Дарэчы, дранікі ад Юрыя і Кацярыны журы прызнала самымі смачнымі і прыгожа аформленымі, аднак улічваўся і час іх прыгатавання, дзе мы крыху, што называецца, падкачалі. Але Ванагам не было роўных у справе збору і сарціроўкі клубняў падчас іспыту “Бульбашы” – першае месца. На жаль, нягледзячы на гэтыя поспехі, заваяваць прызавое месца ў агульным заліку прадстаўнікам нашага раёна не ўдалося.
Падчас цырымоніі ўзнагароджання ўсе сем’і-удзельніцы атрымалі ад Обальскага керамічнага завода сувеніры – панно і памятныя медалі. Кожнаму дзіцяці ад арганізатараў дасталіся саладосці. Мясцовая арганізацыя Беларускага саюза жанчын таксама зрабіла дзецям падарункі ў выглядзе школьных прылад і абанементаў на бясплатнае наведванне атракцыёнаў ад неназванага спонсара з Наваполацка. Калі казаць пра агульныя вынікі мерапрыемства, то яны наступныя. Трэцяе месца заваявала сям’я з Шаркаўшчынскага раёна, на другім размясціліся гаспадары свята. А званне пераможцаў абласнога этапу, бычка па клічцы “Уладар” і пуцёўку на рэспубліку атрымала шматдзетная сям’я з Лёзненшчыны.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *