Духоўнае яднанне славянскіх народаў

Актуальное

IMG_5602 копияДзень 29 ліпеня можна лічыць сапраўды гістарычным у жыцці праваслаўных вернікаў не толькі Беларусі, але і іншых краін. У Мінск у гэты дзень прыехалі паломнікі амаль ці не з усіх епархій беларускага Экзархата. У сталіцу нашай краіны для ўдзелу ў святкаванні 1025 – годдзя Хрышчэння Русі пасля ўрачыстасцей у Маскве і Кіеве прыбылі Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, а таксама шмат прадстаяцеляў і іерархаў памесных цэркваў свету з Александрыі, Іерусаліма, Грузіі, Сербіі, Варшавы, Амерыкі, наш мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, простыя беларускія праваслаўныя бацюшкі разам са сваёй паствай.
У ліку ўдзельнікаў важных святочных мерапрыемстваў была і дэлегацыя браслаўскага Благачыння на чале з Благачынным браслаўскага Благачыння, настаяцелем Свята – Успенскай царквы айцом Анатолем.
Яшчэ задоўга да пачатку Хрэснага ходу браслаўскія вернікі прыбылі ў сталіцу. Дарога была доўгай, але падалася лёгкай, бо напярэдадні ад’езду айцец Анатоль адслужыў у храме малебен, і кожны з вернікаў, хто адпраўляўся ў шлях, яшчэ больш акрыліўся верай і надзеяй. Вернікі віншавалі адзін аднаго з вялікім святам, жадалі ўсім дабра і добрага настрою.
Святочны дзень пачаўся Хрэсным ходам з харугвамі, крыжамі, малітвамі свяшчэннаслужыцеляў і паломнікаў ад стэлы “Горад – герой Мінск” да Мінскага замчышча. У блакітнае бязвоблачнае неба высока ўзносіўся перазвон. Па праспекце Машэрава, на якім нават не быў перакрыты рух, праваслаўныя вернікі прайшлі, каб прыняць удзел у святочнай літургіі, якую пад адкрытым небам узначалілі Патрыярх Кірыл і запрошаныя настаяцелі праваслаўных цэркваў.
У час літургіі Свяцейшы Патрыярх Кірыл славіў Хрыста за настаўлення князя Уладзіміра, які хрысціў Русь, на шлях хрысціянства, таксама прасіў благаславення на зямлю беларускую і для беларусаў.
Нягледзячы на вялікую спякоту, людзі маліліся і да сканчэння літургіі не пакідалі Мінскае замчышча. Ад палячага сонца многіх ратавалі парасоны, халодная вада, якой у продажы было ў дастатковай колькасці. Гандлёвыя рады разгарнулі непасрэдна на пляцоўцы каля Палаца спорту. Тут жа размясціўся і горад майстроў, дзе можна было набыць сувеніры, работы таленавітых людзей з розных куточкаў Беларусі. Многія з іх былі на рэлігійную тэматыку.
Увогуле, панавала атмасфера душэўнага спакою. Прыхаджане, у тым ліку і браслаўскія, прасілі ў свяшчэннаслужыцеляў благаславення, ішлі да споведзі, прычашчаліся. Ніхто не пайшоў з Мінскага замчышча, не атрымаўшы заспакаення душы.
Дзень 29 ліпеня быў напоўнены многімі знамянальнымі падзеямі. На Мінскім замчышчы адбылася закладка памятнай граматы ў гонар 1025 – годдзя Хрышчэння Русі на месцы старажытнага праваслаўнага храма. Затым сабраўшыхся на свята парадаваў канцэрт праваслаўнай і класічнай музыкі.
Вернікі з 28 ліпеня па 2 жніўня мелі магчымасць пакланіцца крыжу Андрэя Першазваннага. Гэта святыня пабыла ў Санкт-Пецярбурзе, Маскве, Кіеве. Пастаянна ж крыж захоўваецца ў праваслаўным саборы грэчаскага горада Патры ў Грэцыі. Развітацца на час з гэтай цудадзейнай святыняй грэкі згадзіліся ў гонар святкавання 1025 – годдзя Хрышчэння Русі. Па паданні, крыж збаўляе ад невылечных хвароб, а таксама ад злых духаў, дорыць шчасце ў сям’і ўсіх, хто да яго прыкладзецца. Такую магчымасць мелі і беларускія праваслаўныя вернікі.
На сустрэчу з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, прадстаяцелямі і прадстаўнікамі памесных праваслаўных цэркваў у храм Усіх Святых прыехаў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Па інфармацыі СМІ, ён сказаў, што юбілей, які шырока адзначаецца, дазваляе больш глыбока пранікнуцца сілай веры, пазнаць важнасць сувязі пакаленняў і адчуць духоўнае адзінства брацкіх народаў. Ён выказаў упэўненасць, што на новым этапе гістарычнага быцця праваслаўная царква будзе працягваць служэнне, яднаць людзей і заставацца вернай свайму доўгу перад Богам і Айчынай.
Ва ўрачыстасцях з нагоды святкавання 1025 – годдзя Хрышчэння Русі прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Усе яны яшчэ раз пераканаліся, што праваслаўная царква сапраўды напаўняе жыццё мудрасцю і любоўю, дапамагае захоўваць стабільнасць і згоду ў нашым беларускім доме.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *