IMG_6262 (Small)

Дапамагаюць жыць з камфортам

Актуальное

IMG_6262 (Small)На працягу больш за трыццаць гадоў у першую нядзелю верасня сваё прафесіянальнае свята адзначаюць работнікі філіяла РВУ “Браслаўрайгаз”. Гэта людзі, штодзённая праца якіх дапамагае нам жыць камфортна.
— Забяспечыць блакітным палівам усіх жадаючых – такая асноўная мэта работы нашай арганізацыі, у якой сёння працуюць 52 чалавекі. Калектыў у нас адказны, прафесіянальны, кожны выдатна ведае свае абавязкі і добра спраўляецца з імі, — гаворыць дырэктар філіяла Яраслаў Сапель.
На абслугоўванні ў РВУ “Браслаўрайгаз” цяпер знаходзіцца 14166 кватэр, з якіх 2839 газіфікаваны ад сетак прыроднага газу, у тым ліку 997 індывідуальных жылых дамоў у горадзе і 260 у вёсцы. Індывідуальнымі газабалоннымі ўстаноўкамі абсталяваны 11303 кватэры, з якіх 8416 у сельскай мясцовасці.
Прыборы ўліку расходу газу ўстаноўлены ў 89% жыллёвага фонду.
За студзень – ліпень бягучага года ў эксплуатацыю ўведзена 7,5 км сетак прыроднага газу. Сёлета шмат жадаючых правесці газаправод у прыватным сектары. Створана 12 кааператываў. Але Яраслаў Сапель кажа, што газаўшчыкі змогуць задаволіць да канца бягучага года патрэбы толькі 5 кааператываў і пачнуць работы па пракладцы газаправода яшчэ па некалькіх.
Спажыўцамі прыроднага газу, акрамя насельніцтва, у раёне з’яўляюцца таксама прамысловыя і камунальна – бытавыя прадпрыемствы, 2 сельгасарганізацыі.
Калектыў райгаза сустракае сваё прафесіянальнае свята з добрымі паказчыкамі. Выконваюцца і перавыконваюцца планавыя заданні па газіфікацыі кватэр, устаноўцы прыбораў уліку. З пачатку года кантралюемы паказчык па энергазберажэнні склаў “мінус” 2,9% замест запланаваных “мінус” 2,5. Словам, людзі, якія працуюць у райгазе, імкнуцца на справе даказаць, што яны робяць усё магчымае, каб іх землякам жылося ў сваіх дамах і кватэрах камфортна.
Акрамя сваіх прафесіянальных абавязкаў, работнікі філіяла ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці вобласці. У прыватнасці, штогод сярод усіх філіялаў УП “Віцебскаблгаз” праводзіцца агляд – конкурс прафесіянальнага майстэрства, дзе спаборнічаюць спецыялісты ўсіх службаў. Прымаюць браслаўчане ўдзел у конкурсах па добраўпарадкаванні баз, мастацкай самадзейнасці, на лепшую ілюмінацыю да навагодніх свят, абласной спартакіядзе. Напярэдадні прафесіянальнага свята кожны год, як, дарэчы, і сёлета ў Віцебску арганізуецца выстаўка дэкаратыўна – прыкладнога мастацтва, на якой свае работы прадстаўляюць і браслаўчане.
За плячамі ў многіх браслаўскіх газавікоў шматгадовы стаж працоўнай дзейнасці. Самых добрасумленных заслужана адзначаюць перад прафесіянальным святам. На абласную Дошку гонару Віцебскаблгаза сёлета прадстаўлены майстар Ігар Корсак. Ганаровай граматай унітарнага прадпрыемства ўзнагароджана аператар Галіна Маркевіч, удзячнасць атрымала бухгалтар Галіна Навіцкая.
Граматай філіяла адзначана эканаміст Алена Ахрамейка, удзячнасці дырэкцыі атрымалі кантралёр Тэрэза Цітовіч, вадзіцелі Яўген Падагель і Юрый Брылевіч. Шэраг працаўнікоў занесены на Дошку гонару філіяла.
Наперадзе ў калектыву шмат планаў. Хочацца пажадаць ім паспяховай іх рэалізацыі, стабільнасці і працвітання.
Зінаіда Палулех.
На здымку: адна з лепшых аварыйных брыгад у складзе слесара Станіслава Сівіцкага (злева) і вадзіцеля Сяргея Дудзевіча.

Фота аўтара.IMG_6267 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.