10494

Браслаўшчына будаўнічая

Актуальное

10494Мабыць, многія браслаўчане ўжо звярнулі ўвагу на пэўнае павелічэнне сёлета будаўнічай актыўнасці калі не ва ўсім раёне, то, напэўна, у райцэнтры. Сапраўды, то тут, то там працуе спецыяльная тэхніка і мітусяцца людзі ў будаўнічых касках, адным словам, працэс ідзе. Да вашай увагі невялікі агляд асноўных будпляцовак раёна.
Ужо некалькі месяцаў кіпіць работа па ўзвядзенні гандлёвага цэнтра па вуліцы Кастрычніка. На сённяшні дзень выканана большая частка земляных работ. Зараз будаўнікі ўзводзяць фундамент будучай пабудовы, якая будзе дастаткова вялікай, з кафэ, аптэкай, аб’ектамі бытавога абслугоўвання і паркінгам. Тэрмін здачы аб’екта – другі квартал 2014 года, аднак кіраўніцтва віцебскай падраднай арганізацыі ТАА “Кронас-Груп” мае намер завяршыць будаўніцтва значна раней.
Поўным ходам Браслаўскае ПМС рыхтуе пляцоўку пад 60-цікватэрны дом з долевым удзелам. Адначасова вядзецца будаўніцтва інжынерных сетак і пад’ездаў да будпляцоўкі.
Зусім нядаўна ўведзена ў эксплуатацыю аўтастаянка на 45 машынамесц у раёне гарадскога пляжа. Доўгачаканы аб’ект абсталяваны асвятленнем, альтанкамі для адпачынку і біятуалетамі ды і ўвогуле няблага добраўпарадкаваны. У адпаведнасць з нарматывамі прыведзена і прылягаючая частка аўтадарогі, якая цяпер значна пашырэла.
Завяршаюцца работы па будаўніцтве на вуліцы Ленінскай турысцка-забаўляльнага комплексу. ПУП “Ніка-Прэстыж” ужо гэтай восенню плануе адкрыць тут гасцініцу, рэстаран, піцэрыю, пункт пракату плаўсродкаў. Зараз на аб’екце ідуць работы па фінішным аздабленні і добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Нельга абмінуць увагай і рэканструкцыю Браслаўскага філіяла ААТ “Глыбоцкі МКК”. Прадпрыемства амаль гатова да вытворчага працэсу, хутка адбудзецца ўвод у эксплуатацыю першай чаргі будаўніцтва. Зараз ідуць наладачныя работы, добраўпарадкоўваецца навакольная тэрыторыя, прыводзяцца ў належны стан пад’яздныя шляхі.
На вуліцы Савецкай распачата ўзвядзенне адміністратыўнага будынка пад Браслаўскае і Барунскае лясніцтвы нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”. Падрадчыкам выступае ПБУП “Леман”, які на сённяшні дзень закладвае фундамент. Заяўлены тэрмін здачы – канец бягучага года – пачатак наступнага. Па заказе нацпарка таксама ўзводзіцца турыстычная лесвіца на гару Маяк. Яна будзе металічнай з драўлянымі ступенямі і поручнямі для дарослых і дзяцей. Першая яе частка павінна быць зроблена ўжо ў жніўні, а другая – толькі ў 2014 годзе.
Наваселле на новай заставе адзначылі пагранічнікі, якія нясуць службу на пасту “Відзы”. У планах узвядзенне яшчэ двух жылых дамоў для афіцэрскага састава.
Аднак нягледзячы на значныя аб’ёмы зробленага, шмат праектаў знаходзіцца яшчэ ў стадыі планавання. Так, па словах намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Давыдзенкі, у бліжэйшай перспектыве аб’ектам пільнай увагі стане вуліца Ленінская. Там пабудуюць водаправод, тратуары і пакладуць новае дарожнае пакрыццё. Магчыма, пад аднаўленне падпадзе і аўтадарога ад Браслава да пункта пропуску “Урбаны”. Апошняе ўнесена ў план па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў нашай краіне ў наступным годзе. Спіс можна працягваць, але ўсе добра разумеюць залежнасць такога кшталту праектаў ад фінансавання. А яно, як вядома, часта падводзіць. Таму застаецца толькі спадзявацца на спрыяльны збег абставін і наяўнасць на адпаведных рахунках дастатковых сум.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.