Чаму б не пайсці насустрач?

Главное

IMG_6247 (Large)Кажуць, у Прыбалтыйскіх краінах савецкіх часоў будаўнікі практыкавалі наступную хітрасць. Пасля здачы ў эксплуатацыю дома ці якога іншага аб’екта пешаходныя дарожкі рабіць не спяшаліся – чакалі, пакуль людзі самі натопчуць найбольш зручныя для сябе шляхі. І па гэтых слядах ужо клалі асфальт ці бетон. Праўда гэта, або байкі – не ведаю, аднак, згадзіцеся, рацыянальнае зерне ў такім падыходзе ёсць. Асабліва на фоне нашай рэальнасці, калі побач з пакладзенай па праекце дарожкай, часта літаральна ў двух метрах, прама на газоне з’яўляецца “народная трапа”.
Нядаўна ў рэдакцыю звярнуліся людзі, якія паведамілі нечым падобную гісторыю. Новую стаянку, што насупраць гарадскога пляжа, пабудавалі роўна на тым месцы, дзе браслаўчане і госці горада гадамі, калі не сказаць дзесяцігоддзямі хадзілі да возера. Маецца на ўвазе шлях “цэнтр – вуліца Карла Лібкнехта – лесвіца, што ля цэнтра сацабслугоўвання – пляж”. Такі маршрут прыкладна на 700-800 метраў карацейшы, калі б ісці па вуліцы Булойчыка, ды і транспарту няма, што зручней і бяспечней, асабліва для дзяцей.
Аднак будаўніцтва паставіла на шляху людзей перашкоду ў выглядзе насыпу, які зрабілі пры планаванні пляцоўкі пад аўтастаянку. Гэты насып добраўпарадкавалі: на ім зелянее трава. Але ў звыклым для людзей месцы ўжо з’явілася тая самая трапа. У выніку газон выбіты, грунт абсыпаецца, адным словам, карціна не надта прыгожая. Вядома, хутчэй за ўсё такі момант не быў прадугледжаны праектам. Аднак прымусіць аматараў пляжнага адпачынку хадзіць недзе ў іншым месцы зможа хіба што толькі калючы дрот. Таму ці не варта пайсці па шляху найменшага супраціўлення і зрабіць у названым месцы нешта падобнае на лесвіцу? Тым больш, што сезон амаль скончыўся і да наступнага час яшчэ ёсць. З гэтым пытаннем я і звярнуўся ў аддзел ЖКГ райвыканкама, дзе праблема знайшла разуменне. Па словах начальніка аддзела Івана Белуся, пункт, які датычыцца будаўніцтва лесвіцы на ўказаным месцы, будзе ўнесена ў план добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна на наступны год.

Вячаслаў Каладынскі.