IMG_5235

Вусцянскія музычныя вечары

Власть и общество

IMG_5235Браслаўшчына старэйшага Жэрко – Уладзіміра Барысавіча – прывабіла да сябе гадоў дваццаць таму назад. Прыязджаў сюды са сваімі сябрамі на рыбалку. Прыгледзеў пакінуты ў вёсцы дом і вырашыў яго купіць. Пра турыстычны бізнес у тыя часы яшчэ ніхто і падумаць не мог. Гэта ўжо цяпер яго аграэкасядзіба афіцыйна зарэгістраваная, прымае гасцей не толькі з Беларусі, а і розных куткоў Расійскай Федэрацыі, іншых краін.
Каб трапіць на адпачынак на сядзібу “У Барысавіча”, паклапаціцца трэба задоўга да пачатку турыстычнага сезона, бо пазней усе месцы могуць быць заняты.
Праз колькі гадоў побач з бацькавым домам у Вусці набыў домік і яго сын Юрый. Так у гэтым мястэчку бацька і сын пачалі развіваць свой бізнес. Яны стараліся не толькі прывабіць найбольш турыстаў, але з самага пачатку мелі жаданне зрабіць для іх адпачынак неардынарным.
Юрый арганізуе цікавыя экскурсіі, падчас якіх расказвае мала каму вядомыя факты не толькі з жыцця мястэчка, але і гісторыі Беларусі, Браслаўшчыны. Ён іх, дарэчы, сам вывучаў у архіве ў Вільнюсе. Да паслуг турыстаў камфортнае жыллё з усімі неабходнымі выгодамі, экалагічна чыстая ежа. Прыцягвае на гэтыя сядзібы турыстаў не толькі цудоўная вусцянская прырода, але і гасціннасць гаспадароў, якія кожны год імкнуцца іх здзівіць нечым непаўторным. Не, гэта не абавязкова павінен быць, напрыклад, квадрацыкл ці новыя архітэктурныя формы ў афармленні сядзібы. Сёлета ўпершыню ў гаспадароў узнікла жаданне правесці не толькі для адпачываючых на сядзібах, а і для мясцовых жыхароў “Вусцянскія музычныя вечары”. На мерапрыемства запрасілі самадзейных артыстаў з Браслава. З двухгадзіннай музычна-забаўляльнай праграмай сюды прыехалі ўдзельнікі калектыву, які працуе пры РДК, “Браслаўскія весялухі”. Гледачы, якіх сабралася нямала, з задавальненнем слухалі і падпявалі беларускія, рускія народныя песні, прыпеўкі. Падрыхтавалі артысты нямала і конкурсаў з прызамі пераможцам. Немагчыма было ўстрымацца, каб пад вясёлыя мелодыі не пусціцца ў скокі. Гаспадары сядзібы Жэрко частавалі таксама ўсіх сабраўшыхся на свята саладосцямі, чаем, кавай, фруктамі.
Завітаў на “Вусцянскія музычныя вечары” і старшыня Слабодкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Станіслаў Кяпсня. У сваім прывітальным слове гаспадарам, гасцям і вяскоўцам ён зазначыў, што на тэрыторыі сельсавета зарэгістравана 36 сядзіб. Але такога, што робяць Жэрко, няма ні ў каго. Цудоўна, з густам і нацыянальным каларытам аформлены самі сядзібы, іх інтэр’ер, да таго ж Уладзімір Барысавіч і Юрый ніколі не забываюць і пра сваіх суседзяў, аднавяскоўцаў. Вось такое свята арганізавалі.
Усе, з кім давялося пагутарыць пасля мерапрыемства, засталіся вельмі задаволены. На памяць пра сустрэчу атрымалі невялічкія сувеніры. Дарэчы, усім, хто наведаў ці адпачываў на сядзібах Жэрко, брэндавыя сувеніры ўручаюцца абавязкова. А гэта вільготныя салфеткі, шакалад, магніты на халадзільнік з надпісамі «Сядзіба “У Барысавіча”», «Сядзіба “Вусце – Life”».
Але на гэтым свята яшчэ не закончылася. Жэрко напярэдадні аб’явілі сярод сваіх адпачываючых гастранамічны конкурс. Шэдэўры прыгатавання гарачых страў і дэсертаў прадэманстравалі сем’і Рамашовых з Масквы і Тупікавых з Тулы.
Завяршыліся “Вусцянскія музычныя вечары” святочным феерверкам.
Як зазначылі на развітанне Уладзімір Барысавіч і Юрый, гэта толькі пачатак іх задумы пра цікавую арганізацыю вольнага часу на аграэкасядзібах у Вусці. На наступны год музычныя вечары абавязкова будуць працягвацца, але набудуць большы размах. Да ўдзелу ў іх запросяць некалькі калектываў з розным рэпертуарам. А месцам іх правядзення стане абноўлены пляж у вёсцы. Экскурсіі Юрый стане праводзіць у адзенні вікінга, каб людзі яшчэ больш змаглі акунуцца ў былую эпоху. І ўсім гэтым планам, упэўнена, удасца збыцца. Бо людзі, якія іх прыдумваюць, не проста зацікаўлены ў гэтым, а апантаныя ідэямі і той справай, якую робяць.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.