Варта думаць пра бяспеку руху

Актуальное

— Добрую справу зрабіў уладальнік аграэкасядзібы, што ў вёсцы Паснуддзе Дзмітрый Тумас, — расказваў мне дырэктар ААТ “Альшанка” Павел Багародзь. — Заасфальтаваў участак дарогі праз населены пункт. Здаецца, за такую справу толькі дзякаваць трэба. Атрымалася ж наадварот, ад вадзіцеляў, якія карыстаюцца гэтай дарогай, чую адны нараканні. А справа ў тым, што на заасфальтаванай стужцы даўжынёй у 200 м заказчык узвёў і тры перашкоды так званых “ляжачых паліцэйскіх”.
Не адкладваючы атрыманую інфармацыю ў доўгую скрынку, 17 ліпеня паехаў у Паснуддзе. І хоць быў папярэджаны пра перашкоды, як толькі уз’ехаў на асфальт, першая вырасла перад аўтамабілем зусім нечакана. Справа ў тым, што ніякіх папярэджваючых знакаў, адпаведнай расфарбоўкі, як таго патрабуюць правілы дарожнага руху, там няма. Перашкоду ж на новым асфальце здалёк цяжка заўважыць, у чым у хуткім часе пераканаўся. Пакуль фатаграфаваў “паліцэйскага”, спрабаваў замерыць яго габарыты на адпаведнасць устаноўленым стандартам, да перашкоды на невялікай хуткасці пад’ехалі “Жыгулі” з прычэпам з расійскімі нумарамі. Вадзіцель позна заўважыў перашкоду, рэзка затармазіў, ад чаго прычэп занесла на паласу сустрэчнага руху. Добра, што ў гэты час ні ў папутным, ні ў сустрэчным накірунку блізка не было аўтатранспарту, інакш здарылася б аварыя.
Атрымліваецца, што, заказваючы асфальтаванне, Д. Тумас думаў толькі пра свае зручнасці, забываючы пра бяспеку руху. Рэдакцыя спадзяецца, што ўладальнік дарогі, а гэта ДРБУ-142, сумесна з супрацоўнікамі ДАІ разбяруцца, наколькі законна ўкладзены “паліцэйскія”, а калі так, то ці адпавядаюць яны дзеючым нормам і стандартам.
P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што інжынерная служба ДРБУ-142 выдала гр. Д. Тумасу прадпісанне на знос “ляжачых паліцэйскіх”.
Аляксандр Азевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *