Прыемны падарунак да свята

Актуальное

Да прафесійнага свята і 160-годдзя пажарнай службы краіны свой падарунак супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавалі і ў Браслаўскай бібліятэцы. З пачатку года тут рыхтаваліся да такой значнай падзеі і вырашылі напярэдадні круглай даты выпусціць буклет, прысвечаны пажарнай службе Браслаўшчыны. Раней супрацоўнікі ЦБС ужо рыхтавалі буклеты пра ЦРБ, АТП №18, праваслаўныя храмы Браслаўшчыны і інш. Занялася гэтым вопытная супрацоўніца, метадыст аддзела бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу Іна Храмцова. Ва ўстанове яна адказвае за краязнаўчую работу, добра ведае гісторыю, таму складанасцей пры падрыхтоўцы буклета не ўзнікла. Матэрыялы ж Іна Антонаўна збірала з розных крыніц. Перш за ўсё шукала інфармацыю ў музеі, дзе ў “Браслаўскіх сшытках” знайшла гісторыю стварэння і развіцця пажарнай службы Браслаўшчыны, звярталася да публікацый у раённай газеце. Значна дапамаглі кансультацыі з начальнікам РАНС С. Сачыўкам і яго намеснікам І. Машарам. У першую чаргу буклет заснаваны на канкрэтных падзеях і гістарычных датах. Зроблена гэта для таго, каб поўнасцю ўзнавіць гісторыю развіцця пажарнай службы раёна. У ім паэтапна расказваецца пра ўсе падзеі. На старонках можна ўбачыць і фаміліі лепшых супрацоўнікаў розных гадоў. А каб буклет быў больш каларытным, у яго дадалі рэдкія фотаздымкі, як каляровыя, так і чорна-белыя. Дарэчы, буклет будзе каляровым, што робіць яго яшчэ больш цікавым. Яшчэ адно новаўвядзенне ў тым, што пачынацца ён будзе з гістарычнай даведкі пра наш раён. Супрацоўнікі ЦБС разлічваюць на тое, што іх буклет будзе цікавы не толькі супрацоўнікам РАНС, але і ўсім браслаўчанам і гасцям горада. Каб даведацца пра гісторыю пажарнай службы раёна, неабходна перабраць шмат літаратуры, а тут усё будзе ў адным выданні. Прэзентацыя буклета адбудзецца падчас святочнага канцэрта, прымеркаванага да Дня пажарнай службы. А гэта стане яшчэ адным падарункам мужным і бясстрашным агняборцам Браслаўшчыны.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *