Прафесія мужных і смелых

Актуальное

IMG_4606Дзень пажарнай службы – прафесійнае свята тых, каго лёс штодня выпрабоўвае на трываласць. Ні на хвіліну не задумваючыся, пажарныя адважна ўступаюць у барацьбу з вогненнай стыхіяй, абараняюць і ратуюць іншых. Таму цяжка ўявіць наша жыццё без выратавальнікаў, супрацоўнікаў пажарнай службы, прафесійнае свята якіх адзначаецца ў нашай краіне 25 ліпеня. Ну а ў пажарнай службы Беларусі сёлета круглая дата, ёй спаўняецца 160 гадоў. Напярэдадні значнай падзеі карэспандэнт газеты Таццяна Пятушка пагутарыла з начальнікам Браслаўскага РАНС Сяргеем Сачыўкам.
– Сяргей Мікалаевіч, ваша служба заўтра адзначае 160-годдзе і прафесійнае свята. Калі звярнуцца да гісторыі пажарнай службы на Браслаўшчыне, якой яна была?
– Гісторыя пажарнай аховы Браслаўшчыны паглыбляецца сваімі каранямі ў далёкае мінулае, канец 19 стагоддзя. Тады амаль усе пабудовы былі драўляныя, размяшчаліся побач, і пажары станавіліся звычайнай з’явай. Таму проста неабходна было ствараць пажарную каманду ў Браславе. І ўзначаліў яе наш вядомы зямляк Станіслаў Нарбут. А ўжо ў 1904 годзе створаную добраахвотнікамі дружыну замяніла прафесійная. Потым такія каманды ўзніклі і ў некаторых іншых вёсках раёна. З цягам часу пажарная служба раёна прайшла праз многія змяненні, па-рознаму называлася. І з 1999 года яна ўвайшла ў склад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
– Гартаючы старонкі гісторыі пажарнай службы раёна, мы наблізіліся да сучаснасці. Што зараз уяўляе з сябе ваша структура?
– Пасля ўсіх змяненняў сёння тэрыторыю раёна абараняе ад вогненнай стыхіі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, у склад якога ўваходзяць адна пажарная аварыйна-выратавальная часць у Браславе і 5 пастоў – у Відзах, Дрысвятах, Друі, Ахрэмаўцах і Плюсах. У падраздзяленнях – 74 супрацоўнікі. На ўзбраенні ў нас 8 адзінак асноўнай і 6 рэзервовай тэхнікі. І ўся яна знаходзіцца ў поўнай гатоўнасці неадкладна выехаць на месца здарэння. Да таго ж нашы супрацоўнікі не толькі тушаць пажары, яны ліквідуюць усе надзвычайныя сітуацыі ў раёне. У Браславе мы можам спыніць амаль любы пажар сваімі сіламі. Што датычыцца сельскай мясцовасці, то там дзейнічаюць пажарныя пасты, якія маюць магчымасць аператыўна ўступіць у барацьбу з агнём і затрымаць яго, пакуль не падаспеюць дадатковыя сілы. А для гэтага ў нас ёсць уся неабходная тэхніка, якая перыядычна абнаўляецца. І, безумоўна, адказныя і вопытныя супрацоўнікі.
– Сяргей Сяргеевіч, вось мы ўсё пра работу, а чым займаюцца выратавальнікі яшчэ?
– Пажар – з’ява экстрэмальная. Ён патрабуе ад выратавальніка максімальнай сабранасці, дысцыпліны, уважлівасці, самааддачы і імгненнай рэакцыі. І каб адпавядаць гэтым патрабаванням, супрацоўнікі аддзела пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень, адпрацоўваюць нарматывы па пажарным спорце. Кожнае падраздзяленне для гэтага мае матэрыяльную базу. Такая падрыхтоўка дапамагае нам, калі ўдзельнічаем у розных спартыўных спаборніцтвах у раёне і вобласці. Да таго ж у нас наладжаны цесныя сувязі з рознымі ўстановамі і арганізацыямі раёна. Асабліва цесна супрацоўнічаем з БРСМ, аддзелам адукацыі. Разам з апошнімі ладзім сумесныя профільныя лагеры для дзяцей, праводзім гутаркі ў класах па пажарнай бяспецы. Увогуле, пад нашай эгідай праходзіць шмат акцый па папярэджванні гібелі людзей на пажарах.
– Безумоўна, поспех у любой справе залежыць ад людзей, каго адзначыце напярэдадні свята?
– Кожны выратавальнік на сваім месцы добрасумленна выконвае свае абавязкі. Шмат год працуюць намеснік начальніка аддзела Генадзь Пілат, начальнік каравула Аляксей Капылоў, начальнікі пастоў Яўген Пяткевіч, Канстанцін Туронак, Юрый Адамёнак, Юрый Трыдзенскі, камандзіры аддзяленняў Ігар Вансовіч, Уладзімір Жусель, Сяргей Лябік, старшы вадзіцель Уладзімір Завацкі, вадзіцель Аляксандр Вайтанец, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Расціслаў Стэльмачонак і іншыя.
– Што пажадаеце саслужыўцам напярэдадні свята?
– Віншую ўсіх калег, ветэранаў і добраахвотнікаў пажарнай службы з прафесійным святам. Жадаю ўсім моцнага здароўя, аптымізму, удачы, шчасця, поспехаў у жыцці. Няхай усе вашы мары здзяйсняюцца. І па традыцыі, сухіх вам рукавоў!
НА ЗДЫМКУ: заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць і (справа налева) Аляксей Капылоў, Віталь Вайткевіч, Уладзімір Іоч, Віктар Цяцера.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *