IMG_4649 (Small)

Працуюць стабільна

Актуальное

IMG_4649 (Small)Спажывецкая кааперацыя раёна цяпер перажывае не самыя лепшыя часы. Але працуе і развіваецца стабільна. У арганізацыі, якая сёння налічвае каля 600 чалавек ва ўсіх падраздзяленнях, нямала шчырых і добрасумленных работнікаў, сапраўды адданых сваёй справе. Кіраўніцтва райпа палічыла, што яны заслугоўваюць цёплых слоў удзячнасці напярэдадні прафесіянальнага свята і запрасіла іх на ўрачыстасць з гэтай нагоды.
Старшыня праўлення Людміла Бабенка ў прывітальным слове зазначыла, што працаваць у сістэме спажывецкай кааперацыі Браслаўскага раёна асабліва няпроста, бо тут вельмі шмат населеных пунктаў, а абслугоўваць людзей, забяспечваць іх прадуктамі і таварамі неабходна, нават у самых аддаленых вёсках. Хоць нярэдка, як прызналася, і сабе ў мінус, але кааператары стараюцца добрасумленна спраўляцца з ускладзенымі на іх абавязкамі.
Шукаюць у райпа і знаходзяць нестандартныя формы і метады абслугоўвання пакупнікоў. Так, толькі сёлета праведзена 56 выставак-продажаў, якія дадаткова прынеслі ў агульную скарбонку арганізацыі 62,5 млн. руб. тавараабароту. Даход ад кірмашоў склаў 226,2 млн. руб. У час выязнога гандлю прададзена тавараў на суму 511,2 млн. руб.
Прыжылася і такая форма работы, як забеспячэнне сялян насеннем элітных сартоў бульбы, агароднінных і зернебабовых культур.
Карыстаецца ў насельніцтва папулярнасцю пакупка тавараў у крэдыт. Толькі за 6 месяцаў бягучага года іх прададзена на суму 1432,4 млн. руб. Пастаянна праводзяцца акцыі са скідкамі на пэўныя тавары. Сума скідак для насельніцтва за студзень-чэрвень 2013 года склала 307,4 млн. руб.
Райпа актыўна займаецца нарыхтоўкамі сельскагаспадарчай, дзікарослай прадукцыі, другаснай сыравіны. Вырабы каўбаснага цэха з задавальненнем купляюць як у нашым раёне, так і далёка за яго межамі. Стабільна працуе і сістэма грамадскага харчавання, якая прадстаўлена 12 прадпрыемствамі.
А затым Людміла Бабенка ўручыла граматы і грашовыя прэміі больш чым 20 работнікам розных падраздзяленняў. Усяму калектыву яна зычыла стабільнасці на рабоце і дома, дабрабыту і здароўя, плённай працы.
З віншаваннямі сваім кліентам з прафесіянальным святам завітала на ўрачыстасць намеснік начальніка разлікова-касавага цэнтра ў г. Браслаў аддзялення Белаграпрамбанка Галіна Сідарава.
А затым адбыўся невялікі канцэрт, які падрыхтавалі самі члены калектыву райпа.
Наперадзе ў работнікаў раённай спажывецкай кааперацыі напружаны час, які запатрабуе ад іх зладжанасці, прафесіяналізму, бо яны павінны дастойна прадставіць Браслаўшчыну на “Славянскім базары ў Віцебску”, “Вішнёвым фестывалі “ ў Глыбокім. Хочацца спадзявацца, што яны задаволяць попыт нават самых прыдзірлівых пакупнікоў.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.