Плячо ў плячо

Власть и общество

Кожны ведае: хваробу заўсёды лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Прычым гэты пастулат у поўнай меры датычыцца і грамадскага здароўя, якое, як вядома, часам кульгае. І чым раней спецыялісты заўважаць праблему, тым з большай доляй верагоднасці яна будзе станоўча вырашана.
Эфектыўнасць дзейнасці Браслаўскай ЦРБ і аддзела адукацыі, спорту і турызму па раннім выяўленні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ацэньвалі на апошнім пасяджэнні каардынацыйнага савета. Пра дзейнасць медыкаў і педагогаў у даным накірунку дакладалі загадчык педыятрычнага аддзялення Тамара Варанецкая і Іван Абаровіч адпаведна.
Паміж названымі структурамі склалася ўстойлівая і надзейная сістэма ўзаемадзеяння: яны рэгулярна інфармуюць адзін аднаго пра факты выяўлення сямейнага недабрабыту, што дае магчымасць аператыўна прымаць неабходныя рашэнні. Пачынаючы з 2004 года спецыялісты ЦРБ, аддзела адукацыі, спорту і турызму і іншых службаў рэгулярна праводзяць прафілактычныя гутаркі з парадзіхамі са шматдзетных, малазабяспечаных сямей, маці-адзіночкамі, непаўналетнімі маці і іншымі. На сённяшні дзень такіх гутарак праведзена 98. З іх у бягучым годзе – пакуль 5. Адпаведна ўстановамі адукацыі ўстаноўлены кантроль за ўтрыманнем і выхаваннем пяці дзяцей. Уведзена ў практыку запрашэнне медработнікаў на пасяджэнні савета па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў у школах раёна. Педагогі і медыкі часта разам наведваюць сем’і, кантралююць умовы жыцця непаўналетніх і іх здароўе, уваходзяць у склад міжведамаснай камісіі па правядзенні сацыяльных расследаванняў.
З мая 2012 года Браслаўская ЦРБ інфармуе аддзел адукацыі, спорту і турызму пра асоб, якія маюць непаўналетніх дзяцей і знаходзяцца на ўліку ў псіхіятра, нарколага ці маюць захворванні, якія перашкаджаюць выконваць бацькоўскія абавязкі. Такі падыход дазволіў больш індывідуальна і плённа весці прафілактычную работу.
Між тым сярэдні ўзрост дзяцей, якія прызнаюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, – 10 гадоў. Але наўрад ці гэта значыць, што раней у іх сем’ях было ўсё добра. Таму варта звярнуць увагу і прыкласці сумесныя намаганні дзеля больш ранняга выяўлення праблем. Педагогі найбольш шчыльна працуюць з нядбайнымі сем’ямі, калі дзеці з іх ужо пайшлі ў школу. Аднак дашкольнікі таксама патрабуюць пільнай увагі з боку зацікаўленых структур. Таму Іван Абаровіч выказаў намер узмацніць кантроль за гэтым накірункам работы і больш уцягваць у справу дзіцячыя садкі.
Выклікае занепакоенасць той факт, што жанчыны, якія пакутуюць ад псіхічных і іншых захворванняў усё ж такі вырашаюць завесці дзяцей. На гэтым фоне асвета па планіраванні сям’і, рэпрадукцыйным здароўі, метадах кантрацэпцыі выглядае недастаткова эфектыўнай, асабліва ў сельскай мясцовасці.
Такім чынам, установы аховы здароўя і адукацыі раёна ў справе ранняга выяўлення дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы ўзаемадзейнічаюць даўно і досыць эфектыўна. І медыкі, і педагогі стаяць на абароне інтарэсаў дзяцей, што называецца, плячо ў плячо. Аднак некаторыя аспекты ўсё яшчэ патрабуюць да сябе пільнай увагі. Шляхі іх вырашэння і зафіксавалі ў рашэнні савета.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *