Падсобная гаспадарка – дадатковыя даходы

Актуальное

Farmer_plowingПры сучаснай эканамічнай сітуацыі асабістыя падсобныя гаспадаркі – добрае падспор’е для сямейнага бюджэту.
У раёне распрацавана праграма іх развіцця і падтрымкі на 2011 – 2015 гг.
Па стане на пачатак бягучага года на тэрыторыі сельсаветаў налічвалася 7832 домаўладанні грамадзян, на падвор’ях якіх утрымлівалася 3314 галоў БРЖ, у тым ліку 2489 кароў, 4887 свіней, 1032 авечкі, 425 коз, 25,9 тыс. птушак. Праўда, у апошні час колькасць сельскага насельніцтва значна змяншаецца, адпаведна, меншым становіцца і пагалоўе жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках, скарачаюцца і плошчы пасеваў сельскагаспадарчых культур. Асабліва такія адчувальныя змены адбываюцца на тэрыторыі Відзаўскага і Опсаўскага сельсаветаў.
У карыстанні сялян знаходзіцца 6738 га зямельных участкаў. Землеўпарадкавальная служба штогод праводзіць іх інвентарызацыю і ажыццяўляе кантроль за выкарыстаннем. У мінулым годзе невыкарыстоўваемыя землі плошчай 152 га былі перададзены сельгасарганізацыям.
У агульны севазварот у 2012 г. былі ўцягнуты 704 га збожжавых і 37 бульбы. Для павышэння прадукцыйнасці і якасці сельгаспрадукцыі насельніцтву выдзелена 2780 га сенакосаў і пашы, што складае ў сярэднім па 1 га на карову, рэалізавана 104 тоны насення збожжавых, 46 т насеннай бульбы.
Для вырошчвання на падвор’ях СВК “Маяк Браслаўскі” рэалізаваў насельніцтву 5402 галавы маладняку свіней, 2024 трусы (ААТ “Мяжаны”), 1482 галавы БРЖ. Пастаянна аказваюцца паслугі па лячэнні і прафілактыцы жывёл і птушкі. На зімова-стойлавы перыяд жадаючым за пэўную плату выдзяляецца сена. Вяскоўцам аказваюцца таксама паслугі па асемяненні жывёлы, памоле зерня, апрацоўцы прысядзібных участкаў. Для людзей працавітых, якія любяць і ўмеюць працаваць на зямлі, такая дапамога вельмі адчувальная і стымулюе іх на дбайную працу.
Ва ўсіх населеных пунктах арганізаваны закуп малака. Яго вядуць індывідуальныя прадпрымальнікі, прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы і сельгасарганізацыі. У мінулым годзе на перапрацоўку з асабістых падсобных гаспадарак паступіла ў разліку на адну карову па 2893 кг малака, а ўсяго яго было закуплена 6249 т.
Райпа актыўна закупляе ў сельскіх жыхароў лішкі сельгаспрадукцыі.
Для стымулявання павелічэння вытворчасці сельгаспрадукцыі, якая закупляецца ў насельніцтва, з рэспубліканскага бюджэту выплачваюцца надбаўкі да закупачных цэн, робяцца выплаты на ўтрыманне кароў пры ўмове пастаўкі малака для перапрацоўкі. У 2012 годзе выплачана 673 млн. руб. надбавак, за закуплены маладняк БРЖ вагой да 100 кг надбаўкі склалі 75 млн. руб.
Вяскоўцам Белаграпрамбанк выдаў 72,4 млн. руб. ільготных крэдытаў на вядзенне асабістых падсобных гаспадарак. Іх скарысталі ў нашым раёне 9 чалавек. Крэдытныя рэсурсы ў асноўным накіроўваюцца на пакупку мотаблокаў і прычапнога абсталявання да іх, цяпліц з полікарбанатным пакрыццём, будаўнічых матэрыялаў для гаспабудоў і г.д.
Актыўна выконваюцца мерапрыемствы праграмы і сёлета. У агульны севазварот уключана 675 га збожжавых і 34 га бульбы, выдзелена 2217 га пашы, прададзена 2207 парасят, 400 трусоў, 618 галоў БРЖ, рэалізавана 79 т насення збожжавых і 5,7 т траў.
Выплачана 298 млн. руб. надбавак да закупачных цэн, у тым ліку 232 млн. руб. за малако.
Нягледзячы на змяншэнне колькасці домаўладанняў і пагалоўя жывёлы, пасяўных плошчаў, падсобныя гаспадаркі іграюць значную ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі, занятасці насельніцтва, служаць дадатковай крыніцай даходаў сельскіх жыхароў. Выкарыстоўваючы крыху больш за 8% сельгасугоддзяў, сяляне даюць каля 30% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі пры мінімальных укладаннях інвестыцыйных і бюджэтных рэсурсаў.

Максім Чагарын,
начальнік упраўлення райсельгасхарча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *