IMG_5205

Пачаўся жніўны прыпар

Сельские будни

Для хлебаробаў раIMG_5205ёна настала самая адказная пара — ўборка збожжавых. Менавіта яна пакажа, наколькі эфектыўна спрацавала раслінаводчая галіна.
Жніўны ж прыпар, як заўсёды, пачынаецца з уборкі азімага рапсу і плаўна перацякае на хлебныя нівы.
Сёлета ўборку гэтай алейнай культуры першымі ў раёне пачалі ў ААТ “Друйскі”. Пра жніво рапсу і планы на ўсю ўборачную кампанію карэспандэнт газеты Аляксандр Азевіч цікавіўся ў дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксандра Белюна.
— Аляксандр Станіслававіч, як праходзяць першыя дні жніва?
— У нас пасеяна 210 гектараў азімага рапсу. Недзе 10 ліпеня разам з аграномам аб’ехалі палеткі і вырашылі: пара ўразацца. Першым на рапсавае поле адправіўся Іосіф Ліманоўскі. У нашай гаспадарцы механізатар працуе нядаўна, аднак добра ведаю яго як спрактыкаванага камбайнера, таму і даручыў менавіта яму распачаць жніво. Цэлы тыдзень ён працаваў адзін. Нерацыянальна было падключаць да работы другі агрэгат, бо паспелі толькі асобныя ўчасткі. А як у тым узнікла патрэбнасць, дапамагаць Іосіфу адправіўся Леанід Аўчынка. Думаю, удвух яны справяцца хутка, бо да ўборкі засталося 60% ад агульнай плошчы.
— А як справы з падрыхтоўкай камбайнавага парку да асноўнай работы?
— На жніве разлічваем задзейнічаць 8 агрэгатаў. Як ужо казаў, 2 запушчаны ў работу, у любы момант можам накіраваць на поле і трэці. Астатнім жа патрабуюцца нязначныя даводкі, рэгуліроўкі, тэхабслугоўванне, якія шмат часу не зоймуць. На днях здымаем з работы па кормавытворчасці яшчэ 3 механізатары, разлічваем, што і яны паспеюць управіцца з рамонтам.
— Працаваць будуць толькі камбайнеры гаспадаркі?
— Не. На падмогу, як заўсёды, папрасілі Паўла Гайдзеля з дзіцячага дома. Дамовіўся і з двума механізатарамі з мясцовых, якія ў нас не працуюць, але гатовы прыняць удзел у гэтай важнай сялянскай справе. Людзі таксама надзейныя.
— Некалькі слоў, Аляксандр Станіслававіч, пра арганізацыю работ на збожжавай ніве.
— Напачатку плануем жаць трыма звеннямі. У двух — па 2 камбайны, у трэцім — 4. Адпаведным чынам раздзялілі і аўтамабілі для адвозкі зерня. Такі падзел выкліканы тым, што надта розныя у нас палі. На дробнаконтурныя адправім звенні, а на прасторных палетках будзе працаваць ударны атрад. Але гэта не значыць, што такой тактыкі будзем прытрымлівацца ўвесь час. Усяго не прадбачым, таму зразумела, што па ходу жніва будуць уносіцца карэктывы. Не важна, хто і дзе працуе, важна своечасова ўбраць вырашчанае, не дапусціць страт. Вызначана ўжо і сістэма аплаты працы, запраўкі, вымушанага рамонту, перагонаў тэхнікі, забеспячэння людзей гарачым харчаваннем. Адным словам, настройваемся на напружаную працу.
— Ведаю, што ў “Друйскім” і далучанай да вас “Плісавіцы” заўсёды востра стаяла пытанне дасушвання зерня. Праблема засталася?
— Здаецца, урэшце мы яго знялі з парадку дня. Практычна прынята ў эксплуатацыю новая сушылка ў Друі. Правялі і пробны яе запуск. Засталося аформіць адпаведныя дакументы, і можна будзе запускаць у работу. Цяпер у нашай сушыльнай гаспадарцы, акрамя ўжо ўзгаданай новай, ёсць дзве падлогавыя і карусельная. Спадзяюся, што справімся, калі не будзе паступаць зерне павышанай вільготнасці. Не дала б толькі збою новая ўстаноўка.
— І апошняе пытанне, Аляксандр Станіслававіч. Гаварылі, што здымаеце людзей з кормаатрада. Спыняеце корманарыхтоўку?
— Ні ў якім разе. Гэту работу прыпыняць нельга. Бачу рэзервы, якія можна накіраваць туды. А яшчэ трэба выкраіць сілы і на ворыва. У нас жа яшчэ і лён. Ды трэба напружвацца. Ліпень—верасень — сапраўды тая самая пара, калі кожны дзень год корміць.
— Дзякуй за гутарку.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) камбайнеры Леанід Аўчынка і Анатоль Пяткун лічаць, што апошнія даводкі сваіх камбайнаў да жніва лепш праводзіць разам. Так хутчэй выяўляюцца раней незаўважаныя хібы рамонту.
Фота Аляксандра Азевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.