Новы статус і будынак аўташколы

Власть и общество

IMG_4583 (Small)Даўно мінуў той час, калі прыватны легкавы аўтамабіль быў фантастычнай марай. Сёння сучасныя сем’і жадаюць мець не адзін аўтамабіль, а столькі, колькі неабходна для камфорту і зручнасці ўсіх членаў сям’і. Таму разам з павелічэннем колькасці легкавых аўтамабіляў на дарогах ў геаметрычнай прагрэсіі расце колькасць жадаючых атрымаць пасведчанне на кіраванне імі. І будучыя вадзіцелі накіроўваюцца за ведамі па правілах дарожнага руху і навыкамі ваджэння ў аўташколу.
Два гады таму назад Браслаўская аўташкола атрымала статус самастойнай арганізацыйнай структуры, дырэктарам якой прызначаны Вадзім Завацкі, і за гэты час выпусціла 240 вадзіцеляў-аматараў. Новы статус патрабуе і лепшых ўмоў навучання. І аўташкола пераехала ў будынак майстэрні былой СШ №3 (вул.Летняя, 12, тэл.60-4-08). На яго рэканструкцыю, мэблю і абсталяванне, па словах дырэктара аўташколы В.Завацкага, затрачана 90 млн. руб., з якіх 60 млн. выдзеліла абласная арганізацыйная структура, а 30 млн. — гэта ўласныя сродкі. Так былая школьная майстэрня набыла другое жыццё, а аўташкола ўтульны і камфортны выгляд.
Вучэбны клас, дзе 30 курсантаў вывучаюць правілы дарожнага руху і аказанне першаснай меддапамогі, абсталяваны і аснашчаны згодна з дзеючымі нарматывамі па падрыхтоўцы вадзіцеляў. Набыты сучасныя зручныя плакаты і трэнажоры, два тэлевізары з праграмным забеспячэннем, адзін з якіх шырокафарматны. На кожнай парце стаіць камп’ютар, хоць і далёка не новага пакалення, тым не менш вывучаць правілы дарожнага руху і абыгрываць сітуацыі на дарогах на іх магчыма. Словам, створаны ўсе умовы, каб навучэнцы маглі набыць трывалыя тэарэтычныя веды.
Для практычных заняткаў па ваджэнні аўташкола мае тры спецыяльна абсталяваныя аўтамабілі «Аўдзі», а ў рэзерве «Жыгулі».
— У майстроў вытворчага навучання Пятра Пяскарскага, Уладзіміра Іозаніса і Васіля Саўчанкі адказныя адносіны да сваёй работы. — расказвае В.Завацкі. — Таму і сярэдні паказчык выпускнікоў, якія адразу пасля экзаменаў адпраўляюцца ў самастойнае падарожжа, складае 78%.
Ды і як інакш, бо ўнутраны экзамен утрымлівае 90 пытанняў. На адказы трох білетаў трэба «атрымаць згоду» камп’ютара, а адзін рашыць па картцы. І наколькі паспяхова курсанты авалодаюць правіламі дарожнага руху – паказчык працы педагогаў аўташколы.
Несумненна, колькасць шчаслівых уладальнікаў вадзіцельскіх пасведчанняў у кожнай групе залежыць таксама і ад адносін саміх курсантаў да навучання. Тым не менш педагогі аўташколы робяць усё ад іх залежачае, каб затрачаныя з сямейнага бюджэту грошы не прапалі дарэмна.
Але пры ўсіх станоўчых аспектах, усё ж такі існуе адна вельмі значная праблема.
— Гэта адсутнасць аўтадрома,— дзеліцца набалелым Вадзім Вацлававіч. — Абласная арганізацыйная структура выдзеліла на яго ўладкаванне сродкі. Аднак на сённяшні дзень участак для заняткаў па ваджэнні канчаткова так і не вызначаны.
І каб не здарылася так: як толькі набылі самастойнасць, давядзецца закрывацца, бо без уласнага аўтадрома, абсталяванага па існуючых нарматывах, можа не прайсці чарговую атэстацыю.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *