IMG_4392 (Small)

Народныя рамёствы запатрабаваны

Актуальное

IMG_4392 (Small)Больш за 20 гадоў пры браслаўскім музейным аб’яднанні працуе клуб майстроў народнай творчасці і самадзейных мастакоў «Ля возера». За гэты час змянілася не адно пакаленне майстроў і мастакоў, якія радуюць і здзіўляюць нас сваімі цудоўнымі і непаўторнымі вырабамі на выставах і кірмашах.
У чарговы раз у мінулую нядзелю двор каля музея традыцыйнай культуры ўяўляў адну вялікую экспазіцыю разнастайных вырабаў з гліны, лазы, скуры, саломы, бісеру, абрэзкаў тканіны… І тут жа працавалі майстры, якія паказалі цікаўным тэхналогію сваіх рамёстваў.
Вось з-пад умелых рук Ларысы Дарафейчык, якая шчыруе за ганчарным колам, з лёгкасцю «вырастаюць» экалагічна чыстыя жбаночкі. Плесці з травы, саломкі і лазы вучылі жадаючых Святлана Маскалёва, Святлана Наўмёнак і Марыя Шлабун. Многіх прываблівалі сталы бісерапляцельшчыц. У чарговы раз разнастайнасцю і прыгажосцю вырабаў ўразіла Антаніна Жураўлёва з Пагошчы. Цудоўныя ўпрыгажэнні прапаноўвалі пакупнікам маладыя майстрыхі Галіна Пабяржына і Аксана Гурынова. Падзелкі і эскізы храмаў і замкаў Браслаўшчыны з палімернай гліны і каменю дэманстраваў Андрэй Гурынаў.
Экспазіцыю прыгожых і арыгінальных карцін разгарнуў прафесіянальны мастак з Мінска Мікалай Стас.
Многіх прываблівала мэбля, сплеценая з лазы Уладзімірам Лук’янцам. Прыемна бачыць, што справу народнага майстра працягвае яго ўнук Канстанцін.
А яшчэ можна было набыць дываны, ручнікі, габелены, пано з абрэзкаў тканіны, эксклюзіўныя лялькі, вязаныя карункавыя сурвэткі, вырабы з лазы, дрэва і паперы.
Паколькі кірмаш рамёстваў праводзіўся ў перыяд святкавання Купалля, быў абвешчаны конкурс «Купальскі вянок». З дапамогай фларыста Зоі Зянюк пяць дзяўчат сплялі прыгожыя і духмяныя вяночкі. Складана было вызначыць лепшы, таму ўсе канкурсанткі атрымалі невялікія падарункі.
Прыемным сюрпрызам для гледачоў было выступленне групы «The labbuhi». Гурт гэты малады, таму на кірмашу адбыўся іх дэбют. Музыкі выконвалі песні ў жанры хард-рoка. Жывое гучанне, прыемныя выканаўцы, цікавы рэпертуар — усё гэта зарадзіла слухачоў морам пазітыўнасці, весялосці і дабавіла драйву.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.