SAM_0916 копия

На творчым небасхіле Браслаўшчыны — новая зорка

Актуальное

SAM_0916 копияТое, што Браслаўшчына багатая на таленавітую моладзь, вядома даўно. Тым не менш прыемна і радасна чуць пра новую зорку, якая заззяла на творчым небасхіле, праслаўляючы наш край.
Ала Камінская — прыемная, абаяльная дзяўчына, вучаніца 11 класа Браслаўскай школы №2. У вольны час яна сустракаецца са сваімі сяброўкамі, слухае музыку, ды і сама нядрэнна спявае.
Мо Ала і надалей бы спявала, як кажуць, «для сябе» і на школьных канцэртах, але так склаліся абставіны, што ў школу прыйшла працаваць настаўніца музыкі і спеваў Аксана Дзярук. Менавіта яна заўважыла ў дзяўчынцы іскрынку таленту.
— Калі пачула, як спявае Ала, — успамінае Аксана Ціханаўна, — у мяне па скуры дрыжакі пабеглі, бо голас у дзяўчыны сапраўды моцны.
Так лёс звёў апантанага настаўніка і таленавітую вучаніцу разам. Пачаліся рэпетыцыі і заняткі музыкай. А. Дзярук добра разумела, што прыгожаму моцнаму голасу сваёй падапечнай патрэбен прастор і «выхад у свет», а гэта ў першую чаргу ўдзел у разнастайных конкурсах.
Першы крок падказала дырэктар Цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Угарэнка, якая выпадкова даведалася пра міжнародны конкурс «Музычны вернісаж», што праходзіў у
г. Магнітагорску Чалябінскай вобласці. Пры яе падтрымцы заяўку, відэазапісь і дыскі з песнямі ў выкананні Алы ўдалося адправіць у далёкі расійскі горад. І колькі ж было радасці, калі журы конкурсу прысудзіла нашай спявачцы дыплом лаўрэата ІІІ ступені.
Гэта перамога падштурхнула неабыякавую настаўніцу замахнуцца на фестываль-конкурс «Вясёлка над Віцебскам», які праходзіць у рамках «Славянскага базару», і, заручыўшыся матэрыяльнай падтрымкай дырэктара школы Ўладзіміра Скіндэрскага, падаць заяўку на ўдзел у ім. У хуткім часе ад арганізатараў конкурсу прыйшло запрашэнне.
— Я добра разумела, што без кампетэнтнага мяркавання наконт вакальных даных Алы і больш высокай прафесійнай кансультацыі наш шанс на перамогу вельмі малы, — расказвае А. Дзярук.— Але жаданне дапамагчы таленавітай дзяўчыне было такім моцным, што «падняда на ногі» ўсіх сваіх знаёмых і праз аднакласніка дамовілася на сустрэчу з салісткай ансамбля «Бяседа» заслужанай артысткай Беларусі Наталляй Раманскай.
Станоўчая ацэнка спецыяліста высокага ўзроўню галасавых даных дзяўчыны, дзве кансультацыі па вакале, на якія бацькі разам з настаўніцай вазілі Алу ў Мінск, парады па касцюмах і паводзінах на сцэне далі юнай спявачцы ўпэўненасць у сваіх сілах і жаданне перамагчы ў конкурсе.
Але аднаго жадання мала, таму пачаліся штодзённыя шматгадзінныя рэпетыцыі. Часу да конкурсу заставалася зусім няшмат, а трэба яшчэ было, кіруючыся парадай Н. Раманскай, справіць шыкоўны касцюм. У пошуках патрэбнай тканіны, аксесуараў і бацькі, і настаўніца наведалі не адзін магазін у сталіцы. Але знайсці швачку, якая за кароткі тэрмін пашые гэты касцюм, аказалася больш складанай справай.
— На наша шчасце, такая жанчына знайшлася, — расказвае Аксана Ціханаўна. — Святлана Грыгаровіч літаральна за суткі пашыла прыгожую канцэртную сукенку. За што мы ёй вельмі ўдзячны.
З года ў год фестываль «Вясёлка над Віцебскам», мэта якога — умацаванне міжнародных сувязей і супрацоўніцтва праз культуру і творчасць, збірае ўсё больш і больш удзельнікаў. У сёлетнім чацвёртым фестывальным сезоне прынялі ўдзел 650 юных танцораў і спевакоў з Беларусі і Расіі. У конкурсе было сем намінацый і тры ўзроставыя групы. Ала выступала ў намінацыі вакальна-харавая творчасць ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 20 гадоў.
— Чатыры фестывальныя дні былі вельмі насычанымі, — дзеліцца ўражаннямі Ала Камінская, — рэпетыцыі, конкурсныя выступленні і на сцэнічных пляцоўках горада. На самім конкурсе, які праходзіў у Дварцы Моладзі г.Віцебска, я спявала дзве песні: «Гора — не бяда» і «Любоў і радасць Беларусь». Безумоўна, сапернікі былі моцныя, бо ўсе яны займаюцца ў музычных школах, і не адзін год. Хто ўваходзіў у склад журы, мы не ведалі, бо гэта трымалася ў сакрэце. Але была настолькі добразычлівая і спакойная абстаноўка, што асаблівага страху ў мяне не было.
Чыстае выкананне песень браслаўскай зорачкі, уменне трымацца на сцэне не засталося па-за ўвагай прыдзірлівага журы. І Ала Камінская атрымала дыплом лаўрэата фестывалю ІІ ступені.
Застаецца толькі павіншаваць Алу з поспехам, пажадаць ёй далейшых перамог і выказаць словы ўдзячнасці Аксане Дзярук, кіраўніцтву школы, якія не шкадуючы сваіх сіл, часу і сродкаў, дапамаглі дзяўчыне раскрыць талент і паверыць у свае сілы.
Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.