IMG_4993 (Small)

На перадавой у барацьбе за правапарадак

Актуальное

IMG_4993 (Small)Падвядзенне вынікаў работы за першае паўгоддзе і акрэсленне задач на бліжэйшую перспектыву амаль перад усім асабовым саставам аддзела ўнутраных спраў стала традыцыйным для міліцыянераў. “І такі падыход да ацэнкі сваёй работы, накіраванай на ахову правапарадку і законных інтарэсаў грамадзян, дастойны пераймання”, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення РУД МУС Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Чумавіцкі.
Акрамя прадстаўніка МУС, удзел у аператыўным пасяджэнні прынялі прадстаўнік аддзела аператыўна-дзяжурнай службы УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Кісляк, начальнік раённага следчага камітэта Павел Карніцкі, пракурор раёна Юрый Кезік і намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка.
Па традыцыі адкрыў пасяджэнне начальнік Браслаўскага РАУС Вячаслаў Грышчанка. Аналізуючы вынікі паўгоддзя, ён перш за ўсё адзначыў, што прымаемымі мерамі ўдалося не толькі стабілізаваць, але і значна палепшыць крымінагенную абстаноўку на тэрыторыі раёна, дастойна забяспечыць ахову грамадскага парадку. Зрабіўшы стаўку менавіта на прафілактыку правапарушэнняў як найбольш эфектыўны рычаг супрацьдзеяння злачыннасці, міліцыя не прагадала і дасягнула значных поспехаў.
А калі паляпшаецца аператыўная абстаноўка, павышаецца і давер грамадзян да міліцыі. Згодна з апытаннем, якое праводзілася ў пачатку 2013 года, 59,6% рэспадэнтаў гатовы дапамагаць міліцыі і 32,8% поўнасцю давяраюць ёй.
Прафілактыка ж дае станоўчыя вынікі. Усяго з пачатку года зарэгістравана 73 злачынствы, што на 10 менш, чым за той жа перыяд мінулага года. З іх 46 па лініі крымінальнага вышуку, 4 – лініі нораваў, 2 – эканамічныя і 18 па лініі іншых службаў.
Такім чынам, зазначыў начальнік РАУС, тэндэнцыя да зніжэння злачыннасці, якая намецілася з 2008 года, працягваецца і зараз. Агульная злачыннасць за 6 гадоў паменшылася на 23,7%, а ўзровень яе ў раёне зараз адзін з самых нізкіх у вобласці. У параўнанні з мінулым годам з 5 да 3 скарацілася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.
Дзякуючы дакладнай рабоце супрацоўнікаў міліцыі, удалося дабіцца памяншэння колькасці найбольш рэзанансных злачынстваў. На 17,9% знізілася колькасць крадзяжоў, не дапушчана грабяжоў, разбояў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, забойстваў. Усяго за справаздачны перыяд 67,4% злачынстваў раскрыты па лініі крымінальнага вышуку.
Між тым больш за ўсё злачынстваў адбылося ў г. Браславе, рост адзначаны і на тэрыторыях Друеўскага, Плюскага. Усе злачынствы выкрыты ў Далёкаўскім, Мяжанскім і Опсаўскім сельсаветах. На рабоце ўчастковых Вячаслаў Грышчанка асабліва засяродзіў увагу і нагадаў, што будзе пільна кантраляваць іх дзейнасць на месцах.
Кожны год аб’ектам павышанай увагі з’яўляецца і стан дарожнай бяспекі. З пачатку 2013 года ў раёне супрацоўнікамі ДАІ выяўлена 2585 парушэнняў ПДР, што на 512 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Затрыманы 78 нецвярозых вадзіцеляў, 767 за перавышэнне хуткасці. У ДТЗ адзін чалавек загінуў і тры атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені складанасці.
І ўсё ж, хоць вынікі работы за паўгода і радуюць, расслабляцца не трэба. Ёсць пэўныя недахопы і ў рабоце ўчастковых, недапрацоўвае і аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Не лішнім будзе яшчэ больш узмацніць прафілактыку.
Падрабязна пра вынікі работы расказалі таксама кіраўнікі падраздзяленняў, свае меркаванні выказалі пракурор раёна і запрошаныя асобы.
Актыўны ўдзел у абмеркаванні даклада Вячаслава Грышчанкі прыняў і Дзмітрый Чумавіцкі. Ён зазначыў, што ў чарговы раз супрацоўнікі Браслаўскага РАУС пацвердзілі свой прафесіяналізм: змяншэнне крадзяжоў, выніковая прафілактычная работа і ўзрастаючы давер насельніцтва да работнікаў міліцыі — гэта дарагога варта. Таму па выніках першага паўгоддзя РАУС – адзін з лепшых у вобласці.
Скончылася ж пасяджэнне на прыемнай ноце. Значных вынікаў і поспехаў у рабоце аддзела не было б без адказных міліцыянераў. Оперупаўнаважаны групы АБЭЗ Сяргей Мацук атрымаў чарговае званне. А аднаго з іх у гэты дзень праводзілі на заслужаны адпачынак. Іван Багдановіч па праву лічыцца адным з лепшых у аддзеле, у міліцыі ён адпрацаваў 25 гадоў. За гэты час займаў розныя пасады, апошняя з якіх інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі. І заўсёды ён падыходзіў да справы адказна і прафесіянальна. Яго паважала кіраўніцтва, а для малодшага пакалення Іван Багдановіч стаў прыкладам сапраўднага міліцыянера. Пад гучныя апладысменты калег ён атрымаў пенсіённае пасведчанне і кветкі, а прыемным падарункам стаў новы веласіпед.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.