На парадку дня – жыццёва важныя пытанні

Власть и общество

Кожнае з пытанняў, вынесеных на абмеркаванне чарговага пасяджэння райвыканкама, было вельмі важным, бо датычылася грамадскага правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў, медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, плацяжоў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Як зазначыў начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка, тэндэнцыя да скарачэння злачыннасці на тэрыторыі раёна, якая намецілася ў 2008 годзе, працягваецца і сёлета. Аднак асноўны ўпор у сваім выступленні начальнік міліцыі зрабіў не на аналізе крымінагеннай сітуацыі, а на праблемах прафілактыкі правапарушэнняў. Цяпер у аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС на ўліку стаяць 309 чалавек. Гэта людзі, затрыманыя ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, якія ўчынілі дробнае хуліганства, кіравалі транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання і г.д. З імі праводзяцца розныя прафілактычныя мерапрыемствы, яны знаходзяцца пастаянна ў полі зроку не толькі міліцыянераў, але і супрацоўнікаў іншых зацікаўленых службаў, грамадскіх фарміраванняў.
На кантролі інспекцыі, камісіі па справах непаўналетніх і пытанні занятасці дзяцей, падлеткаў у свабодны ад вучобы час. На працягу летніх канікулаў працуюць лагеры рознага профілю, атрады па добраўпарадкаванні тэрыторый малочнатаварных ферм, на збожжатаках. На працягу навучальнага года падлеткаў, што стаяць на ўліку ў КСН, прыцягваюць да ўдзелу ў розных культурна-масавых мерапрыемствах. Вынікам такіх сумесных дзеянняў з’явілася зніжэнне злачыннасці сярод непаўналетніх з 3 у 2012 г. да 1 у 2013-ым.
Асобная катэгорыя грамадзян, якія таксама не застаюцца па-за ўвагай праваахоўных органаў, — асуджаныя і асобы, якія маюць судзімасць. Ім дапамагаюць працаўладкавацца, адаптавацца ў паўсядзённым жыцці, выдзяляюць часовае жыллё. Аднак на многіх такая ўвага і клопаты не ўздзейнічаюць станоўча, і яны працягваюць паводзіць сябе так, як і раней.
Як зазначыў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, усіх гэтых мер іншы раз недастаткова для прафілактыкі правапарушэнняў, бо яны не маюць сістэмы, нярэдка фармальныя, таму і не прыносяць жаданага эфекту.
Пра медыцынскае абслугоўванне насельніцтва раёна і меры па яго паляпшэнні праінфармаваў членаў райвыканкама і запрошаных на пасяджэнне намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Яўген Матусевіч. Ён спыніўся на функцыянаванні і ўмовах аказання медыцынскай дапамогі ва ўстановах аховы здароўя, пры гэтым падкрэсліў, што ўсе яны працуюць стабільна, забяспечаны неабходнымі лекавымі сродкамі. Праўда, на даны момант не хапае ўрачоў вузкай спецыялізацыі – анестэзіёлага-рэаніматолага, эндакрынолага, неўролага, урачоў агульнай практыкі. Але, па словах Я. Матусевіча, праблему камплектацыі кадрамі ўдасца часткова зняць з прыходам на работу маладых спецыялістаў.
Шмат дбаюць у райбальніцы пра эканомію паліўна-энергетычных, рэсурсаў, скарачэнне транспартных расходаў, пасад на ФАПах з нізкай колькасцю абслугоўваемага насельніцтва, што дазваляе істотна палепшыць фінансавае становішча і накіраваць зэканомленыя сродкі на набыццё медыцынскай апаратуры, паляпшэнне ўмоў для лячэння ў стацыянарах. Развіваюцца платныя і экспартныя паслугі. З пачатку бягучага года ад першых атрымана 1292,6 млн. руб., ад другіх – 66,9 млн. руб. даходу.
Праведзены капітальны рамонт унутраных сетак водазабеспячэння ЦРБ, бягучы – раённай паліклінікі, даху – харчовага блока бальніцы, Гірэйшанскага ФАПа, выдзелены сродкі на рамонт Урбанскага фельчарска-акушэрскага пункта. Аднак, як адзначалі на пасяджэнні, трэба працягваць аптымізацыю кадравага забеспячэння ўстаноў аховы здароўя, укамплектаваць сетку пярвічнай медыцынскай дапамогі Опсаўскай амбулаторыі і Відзаўскай участковай бальніцы, забяспечыць тэмп росту платных паслуг 130%, прагнознага паказчыка росту заработнай платы. Больш увагі неабходна надаваць прапагандзе здаровага ладу жыцця, мэтавай падрыхтоўцы медыкаў з ліку мясцовай моладзі. Усе меры, накіраваныя на паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, знайшлі адлюстраванне ў прынятым рашэнні.
Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *