На іншых паглядзелі, сябе паказалі

Актуальное

IMG_5073 (Small)Без удзелу браслаўчан у апошнія гады “Славянскі базар у Віцебску” не абыходзіцца. Першымі сёлета ў паўночную сталіцу нашай краіны адправіліся работнікі райпа. Працаваць яны пачалі з 8 ліпеня кругласутачна. З імі я сустрэлася ў мінулую пятніцу. Хоць і крыху стомленыя, але работнікі спажывецкай кааперацыі нашага раёна не хавалі задавальнення ад таго, як ішоў гандаль. Вялікія палаткі-шатры, па прызнанні намесніка старшыні праўлення райпа па грамадскім харчаванні Яўгена Перманіцкага, вечарамі ледзь умяшчалі ўсіх жадаючых адпачыць на нашым падвор’і з цудоўнай назвай “Казачная Браслаўшчына”. У імгненне вока разыходзіліся шашлыкі, дамашнія каўбаскі, курыныя кумпячкі з пылу з жару. Вялікім попытам у пакупнікоў у гэтыя спякотныя ліпеньскія дні карысталіся разліўное піва, квас. З задавальненнем ласаваліся віцябляне і браслаўскімі прысмакамі – кулінарнымі і кандытарскімі вырабамі. Словам, на падвор’і было што выпіць і чым закусіць. А яшчэ шматлікіх наведвальнікаў ў гэтыя дні радавалі добрымі песнямі ўдзельнікі ансамбля “Сябрына” з Ахрэмаўцаў Валянціна Кука, Леанід Лаўрыновіч, Ванда Сіротка. Мала хто вытрымліваў, каб не пусціцца ў танцы. Самым багатым на наведвальнікаў стаў дзень адкрыцця “Славянскага базару”.
На падвор’і можна было таксама сфатаграфавацца з роставымі лялькамі. Такая паслуга асабліва прыйшлася даспадобы дзецям.
Афармленне падвор’я было выканана з браслаўскім каларытам. Яго ўпрыгожвалі драўляныя скульптуры, цудоўныя кампазіцыі на казачную, азёрную тэматыку.
Як сказаў Яўген Перманіцкі, за першыя тры дні работы ўдалося атрымаць больш за 80 млн. рублёў выручкі.
У цудоўным месцы ў горадзе майстроў, які сёлета працаваў пад назвай “Задзвінскі кірмаш-2013” размясціліся і браслаўскія ўмельцы з клуба “Ля возера”. Яны прывезлі на “Славянскі базар” свае самыя лепшыя работы – гліняныя, тканыя, саламяныя вырабы, прадметы мэблі з лазы, лялькі. Ветліва сустракалі гасцей і гаспадыні — дырэктар музея традыцыйнай культуры Эла Зінкевіч і майстрыха Марына Дворская. Многія з сувеніраў знайшлі сваіх пакупнікоў.
Але, бадай, найбольш уразіла сваёй самабытнасцю, выдатным шматгалоссем і высокім выканаўчым майстэрствам больш чым гадзінная канцэртная праграма ансамбля народнай песні “На панадворку”. Калектыў выступаў на адкрытай пляцоўцы ў горадзе майстроў. Праграма была складзена так, што ў ёй уперамешку гучалі патрыятычныя песні пра Беларусь, родную Браслаўшчыну, рускія і беларускія народныя, прыпеўкі. За цудоўнае выступленне браслаўскім артыстам дзячылі гучнымі апладысментамі. У многіх прысутных на канцэрце ногі самі ішлі ў скокі, устрымацца было проста немагчыма.
Вельмі прыемна было сустрэць на пляцоўцы і мастака-дызайнера прыватнага прадпрыемства Мілу Балашову, якая распрацоўвала ўзоры касцюмаў для калектыву. Яны атрымаліся вельмі яркімі і неардынарнымі. Многія гледачы з вялікім задавальненнем фатаграфаваліся з нашымі браслаўчанкамі на памяць.
Пазыўныя міжнароднага фестывалю “Славянскі базар” сёлета прагучалі на віцебскай зямлі ўжо ў 22-і раз. Аднак зноў давялося пераканацца, што год ад года інтарэс да гэтай яркай падзеі не слабее. І вельмі прыемна, што шматлікіх гасцей і жыхароў
Віцебска сваім майстэрствам, талентам, прысмакамі парадавалі і браслаўчане.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *